Мытня не прапусціла аўтобус з украінскімі кнігамі на Менскі кірмаш


Нацыянальны стэнд Украіны на XXIII прыйшлося запаўняць кнігамі, увезенымі ў асабістых чамаданах выдаўцоў і чыноўнікаў.

Аўтобус са 175 выданнямі, якія планавалі прадставіць у экспазіцыі Украіны, беларуская мытня не ўпусціла ў краіну.

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення выдавецкай справы Дзяржкамтэлерадыё Украіны Таццяна Белавус.

«Дзякуй Богу, хоць неяк мы запоўнілі наш стэнд толькі таму, што дырэктар нашага дэпартаменту выдавецкай справы справы і прэсы Аляксей Кананенка, дырэктар выдавецтва «Балтыяс друк» Віргініюс Троле, прадстаўнікі «Навуковай думкі», я – усе мы везлі свае кнігі ў багажы, і нам удалося правесці гэтыя выставачныя экзэмпляры», – адзначыла Белавус.

Яна кажа, што асноўную машыну з кнігамі затрымалі, хаця былі ўсе неабходныя дакументы. Мытнікі аргументавалі свае дзеянні тым, што шмат выданняў, а, значыць, для «камерцыйнага ўвозу». Паводле Таццяны Белавус, адмыслова выбіраліся кнігі, якія не маглі б скампраметаваць Беларусь ці Украіну. Сама яна на момант інцыдэнту (а 4-й раніцы) была ў Менску. Таццяна Белавус кажа, што калі б усё адбылося днём, то можна б было звярнуцца па дапамогу да афіцыйных асобаў, як было год таму:

«У мінулым годзе было, у прынцыпе, тое ж самае, але мы звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, з якім у нас добрыя стасункі. Тады мяжу машына перасякала аб 11-й раніцы. Мы звязаліся з Мінінфармам, яны тэрмінова напісалі ліст у Дзяржаўны мытны камітэт, і машыну прапусцілі».

На Нацыянальным стэндзе Украіны ў асноўным дарагія сувенірныя выданні ў скураных вокладках, ілюстраваныя кнігі па мастацтву, якія выдаўцы проста пабаяліся адправіць у агульнай машыне, а прывезлі самі ў багажы.

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Стужка навінаў