Мытнікі правядуць эксперымент у Казловічах, час на мяжы абяцаюць скараціць


Беларускія мытнікі паспрабуюць сумяшчаць свае абавязкі з памежным кантролем на мяжы з Польшчай, эксперымент пачнецца 1 чэрвеня і працягнецца тры месяцы. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Памежнага камітэту.

З 1 чэрвеня па 1 верасня ў аўтамабільным пункце пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай мытнікі возьмуць на сябе частку абавязкаў памежнікаў. Эксперымент правядуць у адпаведнасці з указам кіраўніка краіны №179 ад 23 траўня 2017 году.

Цяпер мытнікі будуць правяраць дакументы ў фізічных асобаў, праводзіць санітарна-каранцінны кантроль асобаў, што перасякаюць мяжу і кантраляваць наяўнасць страхоўкі ў кіроўцаў.

Пры гэтым час чакання на мяжы абяцаюць скараціць, дзякуючы прынцыпу «аднаго вакна»: усе дакументы трэба будзе прадставіць толькі мытніку. Такім чынам, пэўныя функцыі не будуць дублявацца.

 

КА, belsat.eu, фота gpk.gov.by

Стужка навінаў