Мытнікі канфіскавалі ў пасажыркі аўтобусу Біблію канца XVIII стагоддзя


Супрацоўнікі Гомельскай мытні накіравалі на экспертызу Біблію.

Старую кнігу знайшлі ў грамадзянкі Беларусі, якая ехала на аўтобусе «Кіеў – Мазыр». Ацаніўшы вонкавы выгляд кнігі, мытнікі накіравалі Біблію на экспертызу, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту.

Эксперт Мытнай лабараторыі пацвердзіў, што Біблія вырабленая ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя, і адпаведна з’яўляецца культурнай каштоўнасцю. Зверху арыгінальнага выдання была налепленая вокладка, саматужна вырабленая са скуразамяняльніка.

Старонкі жаўтаватага колеру маюць відавочныя сляды забруджванняў, шматлікія пашкоджанні, а некаторыя і зусім адсутнічаюць. Неналежныя ўмовы захоўвання маглі прывесці да поўнага знішчэння кнігі, і, як следства, страты культурнага здабытку, мяркуюць у мытным камітэце.

У цяперашні час Біблія канфіскавана. Па дадзеным факце Гомельскай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 1 арт. 14.5 КаАП Беларусі.

Дзяржаўны мытны камітэт нагадвае, што друкаваныя выданні, створаныя 100 гадоў таму і больш, адносяцца да катэгорыі культурных каштоўнасцяў і падлягаюць мытнаму дэклараванню ў пісьмовай форме з ужываннем пасажырскай мытнай дэкларацыі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў