«Мяжу праехаў у кантэйнеры з грузам». Міліцыянт з Горадні збег у Польшчу ад помсты КДБ


Дзмітрый Коўш на працоўным месцы. У Варшаве былы міліцыянт адкрыў бюро юрыдычнай кансультацыі. Фота – Дзяніс Дзюба.

Чакаючы слуханняў у акруговым судзе Варшавы па справе аб экстрадыцыі ў Беларусь, былы гарадзенскі міліцыянт распавядае «Белсату» сваю гісторыю.

У мяне вышэйшая эканамічная адукацыя. У 2001-м уладкавацца на працу было складана: трэба было ісці падмятаць вуліцы або шукаць грошы, каб уладкавацца ў банк. Выйсця не было, і я вырашыў пайсці ў міліцыю. Каб туды патрапіць, пайшоў на год у войска, потым паўгода правёў у навучальным цэнтры і яшчэ год стажыраваўся як грамадзянская асоба.

У 2003-м пачаў службу на пасадзе малодшага ўчастковага ў Кастрычніцкім РАУС Горадні. У 2004-м стаў оперупаўнаважаным і працягваў расці. Даслужыўся да маёра.

У Польшчы мяне ўспрымаюць як звычайнага міліцыянта, які выконваў свае абавязкі, хоць я служыў у спецыяльным падраздзяленні, якое займалася эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй, якое не залежала ні ад каго і падпарадкоўвалася непасрэдна начальніку крымінальнай міліцыі.

Я быў «сакрэтаносьбітам»: меў самую высокую ступень даступнасці да цалкам сакрэтных матэрыялаў, атрымаць якую можна толькі з дазволу КДБ. Калі я выязджаў за мяжу, то пісаў некалькі рапартаў.

У мяне польскія карані, я часта ездзіў у Польшчу, бываў у Торуні, Кракаве. Цягам першага тыдня пасля вяртання мяне абавязкова выклікалі на Тэльмана (Упраўленне КДБ па Гарадзенскай вобласці. – Заўв. «Белсат»). Пыталіся, дзе быў, ці перакрочыў мяжу без праблемаў, ці выходзіў нехта на кантакт – напрыклад, з памежнай службы. Даведваліся, ці я супрацоўнічаў з сілавымі структурамі Польшчы. Пыталіся, ці не адмаўляюся прайсці паліграф. Я адмаўляўся. Яны пыталіся, ці мне ёсць што ўтойваць. Адказваў, што проста не хачу: паліграф не дае дакладнай інфармацыі.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006-га я рыхтаваў рапарты пра парушэнні на выбарчых участках – я ж аператыўны супрацоўнік, які займаецца эканамічнымі справамі. А ў эканамічную злачыннасць уваходзяць таксама карупцыя, службовыя падлогі і г. д.

Я бачыў, як на ўчастку часцяком у таго, хто галасаваў, пыталіся, а дзе астатнія члены сям’і, і калі даведваліся, што яны не прыйдуць, запаўнялі яго бюлетэні – атрымлівалася, што прыйшоў адзін, а прагаласавала чацвёра.

У міліцыянта ёсць план па раскрыцці двух злачынстваў на месяц. Калі будзе адно – біць не будуць. Калі ніводнага – напрыкандцы месяца будзе кепска. А калі і ў наступным месяцы без раскрыцця – па заканчэнні квартала будзе спагнанне. Гэтая праца змушае ўвесь час капаць: сядзіш у гасцях – людзі пʼюць, размаўляюць, а ты ўсё слухаеш і аналізуеш, як робат.

Фактычна за тыдзень дзяжурства на выбарчым участку можна было вывесці ўсю камісію і зрабіць вынік на паўгода наперад. Маёй справаю было далажыць – рашэнне павінна было прымаць начальства. Тады я не ведаў, што мае рапарты проста рвалі.

Залатыя людзі

Мне ніколі не было цікава займацца дробнымі злачынствамі, заўсёды цягнула да заўзятых злачынцаў.

Тытунёвая фабрыка – самае прыбытковае прадпрыемства Рэспублікі Беларусь. Як усе прыбытковыя прадпрыемствы, «Нёман» мае куратара ў КДБ, гэта святое. КДБ атрымлівае ўсю інфармацыю пра пакупкі цыгарэтаў.

Калі прадпрымальнік хоча купіць на фабрыцы фуру «Фэста», яму ў нагрузку даюць дзве фуры «Магната». Прадпрымальнік, звязаны з кантрабандыстамі, зарабляе толькі на хадавой марцы, а нехадавыя «цвікі» прадае на ўнутраным рынку, часам ніжэй за намінал. Нават у такой сітуацыі гэта выгадны бізнес.

У горадзе ёсць «залатыя людзі». КДБ за адкаты хадайнічае за іх перад дырэкцыяй па продажы ім толькі хадавых марак, без нагрузкі. Прыбытак, адпаведна, большы. Гэта вялікія грошы.

Такіх людзей я таксама затрымліваў – «дах» не можа знаходзіцца каля нейкага чалавека соднямі.

Праблемы пачаліся ў 2012-м, пасля затрымання аднаго злодзея, які займаўся кантрабандай буйных партыяў цыгарэтаў у Польшчу. Мы арыштавалі партыю непасрэдна ў яго ўдома.

Неўзабаве пасля гэтага мой добры знаёмы пачаў гаварыць пра тое, што за ім сочаць. Я думаў, што ў яго параноя ці іншыя праблемы. Але гэта пацверджвалася ўсё часцей. Змяняліся аўты, пераапраналіся асобы – усё паводле правілаў канспірацыі.

Праз нейкі час з ім у кантакт пачаў уваходзіць кантрабандыст, якога я затрымаў: з’яўляўся непадалёк, распытваў пра нашыя адносіны. У рэшце рэшт ён паведаміў майму знаёмаму, што «займаецца глупствам» і папрасіў яго перадаць мне тысячу долараў, каб я «не ціснуў на яго».

Я таго кантрабандыста не прэсаваў: мы яго затрымалі, цыгарэты канфіскавалі, выпісалі штраф, бывай.

Мой прыяцель грошы не ўзяў, але яго затрымалі па падазрэнні ў «намеры ўзяць грошы і перадаць мне».

Гэта быў сур’ёзны званочак. Пракуратура, аднак, закрыла справу на падставе сур’ёзных парушэнняў у вытворчасці: падчас аператыўнага эксперыменту ў той тысячы сапраўднай была адна банкнота.

Зламалі рэбры на вачах у маці

У 2013-м да мяне падышоў аператыўны супрацоўнік 3-га ўпраўлення і папрасіў за кантрабандыста ў адкрытую. Маўляў, «ён займаецца глупствам, а ты няроўна ў яго бок дыхаеш».

У чэрвені я затрымаў чарговага кантрабандыста, які займаўся цыгарэтамі, алкаголем і камп’ютэрнай тэхнікай. Мы сабралі шмат звестак, затрымалі яго, тэхніку канфіскавалі, а матэрыялы адправілі ў аддзел фінансавых расследаванняў.

КДБ бачыў, што са мной размаўляць няма сэнсу, і на мяне пачалі ціснуць. У ліпені 2013-га мяне затрымалі, але адразу адпусцілі.

Калі я паведаміў пра прэсінг з боку КДБ сваім начальнікам, у адказ пачуў, што яны «не хочуць з гэтым звязвацца».

Я напісаў рапарт пра звальненне, але яго не прынялі. Наступнага дня да мяне дахаты прыехала апергрупа паводле падазрэння, што я «знік без вестак». Узялі ДНК з зубной шчоткі, а жонку праверылі на паліграфе.

Пазней у хату ўварваліся з ператрусам, забралі пашпарт. Мяжы з Расеяй не было – я паехаў у Санкт-Пецярбург. Тады КДБ зламаў рэбры майму інфарматару, на вачах у яго маці. Фактычна, гэта быў сігнал суду, колькі яму трэба адмераць. Калі мой чалавек выйшаў, мы пагутарылі па тэлефоне, ён прызнаўся, што супрацоўнічаў са следствам, бо ведаў, што я ў бягах, і баяўся, што ўсіх сабак павесяць на яго.

Справу яны распачалі толькі ў верасні – мабыць, проста не ведалі, як падысці да гэтай сітуацыі.

У Расеі я правёў год. Я там проста сядзеў, не працаваў – каму я там патрэбны? Кармілі мяне сваякі. Зразумеў, што трэба з’язджаць, калі пасыпаліся звесткі, што я ў міждзяржаўным вышуку і вышуку Інтэрпола. Мяне актыўна шукалі ў Расеі, узламалі сацыяльныя сеткі, па сваяках у Піцеры сталі хадзіць супрацоўнікі.

За паўтары тысячы долараў праехаў мяжу ў кантэйнеры з грузам.

Незадоўга да гэтага ў Швецыю з’ехаў мой калега з Кастрычніцкага РАУС Сяргей Макар, а ў Эквадоры здаўся адзін з байцоў АСАМа (спецназ памежнага камітэту Беларусі. – заўв. «Белсат») Аляксандр Баранкоў.

Я напісаў у консульства Польшчы ў Санкт-Пецярбургу: я ведаў польскую мову, там жылі сваякі з боку бацькі. Пра іншыя краіны не думаў.

Мне адказалі, што магу хадайнічаць пра прытулак або пашыраную ахову перад кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў ужо непасрэдна ў Польшчы. Адзіным выхадам было ехаць туды нелегальна.

Польскае Упраўленне па справах замежнікаў лічыць, што справа, якую распачалі супраць Дзмітрыя Каўша ў Горадні, можа быць элементам помсты КДБ за раскрыццё злачынных інтарэсаў спецслужбаў. Фота – Дзяніс Дзюба.

За паўтары тысячы долараў мяне перавезлі праз мяжу на фуры, у кантэйнеры з грузам. Знайсці адважнага дальнабойніка было практычна немагчыма. За кантрабанду людзей тэрмін даюць сур’ёзны – асабліва ўлічваючы, хто быў грузам. Яго доўга і слёзна прасілі мае знаёмыя – і ён пагадзіўся.

З кантэйнера выйшаў адразу пасля мяжы, злавіў аўто і даехаў да Варшавы. Гэта быў выходны, я пайшоў здавацца ў панядзелак, і мяне арыштавалі. З сабой у мяне быў пратакол ператрусу і дадзеныя пра ўсіх кантрабандыстаў з прозвішчамі і іх сувязях з супрацоўнікамі КДБ. Суд адпусціў праз содні на падставе маёй гісторыі.

Каб выйшаў мільён – нікога бы не збілі

Беларусь – не ЗША і не Нямеччына. Заробкі ў міліцыянтаў маленькія, ільготы прыбралі, ніякага прэстыжу прафесіі. За дзесяць гадоў, з якіх сем гадоў я працаваў ва Ўпраўленні мне ўдавалася толькі аўты мяняць, люблю машыны. Але кватэры не было.

З прэзідэнта ў міліцыі ўжо смяюцца. Можа, нам не хапае нейкага штуршка, можа – адзінства. Можа, менталітэт такі спакойны, у адрозненне ад украінцаў. Там выйшлі студэнты на Майдан – і пайшло, паехала – было пад мільён асобаў. Выйшаў бы ў нас мільён – ніхто бы нікога не збіў, гэта адназначна.

На тое, што цяпер АМАП бʼе людзей, не ўсе міліцыянты глядзяць станоўча. Шмат хто ўдома на кухнях зусім незадаволеныя, чакаюць, калі гэта зменіцца. Гатовыя нават да таго, каб на нешта горшае змянілася – але прынамсі змянілася.

Тое, што пішуць, што міліцыя ў нас прарасейская і чакае на Пуціна – няпраўда. З большага нашыя міліцыянты – патрыёты Беларусі.

«Лицо просит кирпича»

Крыўдна, што дзяржава ўклала ў мяне – на навучанне, стрэльбы, спецпадрыхтоўку, харчаванне, пражыванне, казармы, веды – вялізныя грошы. І пасля дзесяці гадоў яны выкінулі такога спецыяліста.

У Беларусь я б вярнуўся – пры іншай уладзе. Гатовы працаваць у любым з органаў аператыўна-вышуковай дзейнасці.

У дадзены час Дзмітрый Коўш чакае новага разгляду справы пра яго экстрадыцыю ў судзе першай інстанцыі. У Беларусі Дзмітрыю Каўшу пагражае 17 гадоў турмы. Фота – Дзяніс Дзюба.

Як я пачуваюся ў Польшчы? Адназначна нядобра: раней быў на кані, а цяпер – пад. А тут яшчэ і каментары чытаю пад артыкуламі пра мяне: «посмотрите на лицо – кирпича просит». Ну, хай прыедзе і дасць цэглай.

Цяпер намагаюся рэалізоўвацца ў іншай сферы, пачаў бізнес: аказваю юрыдычную дапамогу, займаюся працаўладкаваннем – у тым ліку беларусаў.

Запісалі Якуб Бернат і Дзяніс Дзюба/ІЧ/ТП

Глядзі таксама
Каментары