Мяцежнікаў у Турцыі могуць пакараць смерцю


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў пра немагчымасць адкладаць выкарыстанне смяротнага пакарання ў дачыненні да ўдзельнікаў спробы дзяржаўнага перавароту.

Пра гэта ў нядзелю, 17 ліпеня, паведамляе «Reuters».

«Мы не можам ігнараваць гэтыя патрабаванні», – заявіў прэзідэнт Турцыі ў адказ на заклік натоўпу прысудзіць удзельнікаў бунту да смяротнага пакарання.

Ён дадаў, што «пры дэмакратыі людзі атрымліваюць тое, чаго хочуць», падае «Associated Press». Паводле ягоных слоў, урад абмяркуе пытанне вяртання смяротнай кары з апазіцыяй.

Смяротнае пакаранне адмененае ў Турцыі з 2004 года, каб краіна адпавядала крытэрам уступлення ў Еўразвяз. Апошні раз вышэйшая мера пакарання ўжывалася ў 1984 годзе.

У ноч на 16-га ліпеня турэцкія вайскоўцы паспрабавалі ўчыніць дзяржаўны пераварот. Яны перакрылі рух і некаторыя абʼекты ў Стамбуле ды Анкары. На вуліцы вывелі танкі ды іншую тэхніку, у аперацыі таксама ўдзельнічала авіяцыя. Баявыя дзеянні працягваліся цягам некалькіх гадзін. Прыхільнікі Эрдагана пасля ягонага звароту выйшлі на плошчы ў падтрыманне дзейснага ўраду.

Праз некалькі гадзін пасля пачатку бунту ўлады Турцыі паведамілі пра кантроль над сітуацыяй.

У выніку спробы перавароту загінулі 265 чалавек. Каля 3 тыс. вайскоўцаў, датычных да арганізацыі беспарадкаў, арыштавалі. Выпісаныя ордэры на арышт 2700 суддзяў і пракурораў.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў