Мясцовыя аўтарытэты, хросны бацька і АМАП на адной сцэне


8-ы Усебеларускі фестываль народнага гумару распачаўся ў Аўцюках на Гомельшчыне.

Мясцовыя ўлады зʼявілася на сцэне пад музыку з гангстарскай сагі «Хросны бацька» і былі апранутыя нібы ўсходнія султаны. Чамусьці вядоўцы іх называлі «мясцовымі аўтарытэтамі».

Сустракала гэтую стракатую кампанію царыца, якая прыехала на трактары ў суправаджэнні мясцовых дзяўчат у вышыванках. Па задуме арганізатараў, старшыні, нібыта канфліктуюць (на сцэне яны паказалі жартаўлівы баксёрскі бой і пацягалі па подыуму мех з надпісам: «пуд солі», які, як кажуць у народзе, трэба зʼесці разам, каб не было канфліктаў).

На змену старшыням на сцэну выйшлі чыноўнікі. Ніхто з іх не спрабаваў жартаваць. Чыталі з паперкі казённыя прамовы. На заканчэнне афіцыйнай часткі адбылося адкрыццё сімвалічнай «Лавы замірэння». Усё тыя ж старшыні, якія пераапрануліся ў чорныя фракі і саламяныя капелюшы, абняліся на яе фоне. Братанне суправаджалася феерверкамі і струменямі вады з пажарнай машыны.

«Наш гумар, – кажа ініцыятар фестывалю і ўкладальнік кнігі Аўцюкоўскіх жартаў Уладзімір Ліпскі, – непасрэднасць, дакладнасць, здольнасць смяяцца з сябе. Без усялякай дыпламатыі мы можам сказаць, што ты – вось такі. Напрыклад, прыходзіць Манька да суседкі і кажа: Мая кура ў тваім агародзе знеслася. Думала, што яйка ёй аддадуць, паспачуваюць, а суседка ёй у адказ: Вось, Вулька, ты – гуляшчая і кура ў цябе такая самая.

Ужо другі год, фэст народнага гумару праводзіцца ў Калінкавічах, хоць усе папярэднія фэсты праходзілі ў Аўцюках і зʼяўляліся своеасаблівай візітоўкай гэтай вёскі. Такая ініцыятыва ўлады выклікае абурэнне ў мясцовых жыхароў

«Павінны ў нас ладзіць свята, – кажа аўцюковец Віктар, – Свята ж аўцюкоўскае! Дайце нашым людзям адпачыць, а то чужыя прыехалі ў Калінкавічы гуляць ды адмываць грошы. Дайце беднякам пажыць».

Ларыса Кавальчук, belsat.eu

Фота аўтара

Стужка навінаў