Мясніковіч: Амерыка пацяплела да Беларусі


Прэм’ер-міністр Беларусі распавёў пра пацяпленне амерыкана-беларускіх адносінаў напярэдадні і падчас саміту ААН, прысвечанага праблемам клімату.

Міхаіл Мясніковіч бачыць пазітыўныя зрухі ва ўспрыманні Беларусі ў ЗША. Пра гэта прэм’ер-міністр заявіў, падводзячы вынікі візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў ЗША, паведамляе прэс-служба Савета міністраў.

Асноўнаю мэтай візіту дэлегацыі ў ЗША стаў удзел у саміце ААН па змяненні клімату, які адбыўся 23 верасня ў Нью-Ёрку. Напярэдадні саміту, 22 верасня, там жа прайшоў першы беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум. Яшчэ адной важнай падзеяй візіту стала сустрэча беларускай дэлегацыі з намеснікам выканаўчага дырэктара Міжнароднага валютнага фонду Мін Джу 23 верасня. Візіт завяршаецца 24 верасня.

Каментуючы беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум, Мясніковіч зсказаў: «Мэты, якія мы ставілі, дасягнуты. Ёсць цэлы шэраг канкрэтных праектаў». Па словах прэм’ера, досыць высокую цікавасць да форуму праявілі прадстаўнікі як дзелавых колаў, гэтак і дзяржаўных структураў ЗША. «Дастаткова сказаць, што практычна на ўсіх мерапрыемствах прысутнічалі прадстаўнікі Дзярждэпу ЗША, якія ў пэўнай ступені давалі зразумець бізнесу, што з Беларуссю трэба працаваць і праца гэтая будзе будавацца планамерна і шматпланава», – цытуе Мясніковіча прэс-служба беларускага ўраду.

Беларускі бок, у сваю чаргу, лабіяваў адмену амерыканскіх санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў. «Як мне ўяўляецца, разуменне ёсць. Вядома, гэта будзе палітыка, як яны выказаліся, невялікіх крокаў. Але гэтыя крокі ў кірунку таго, каб палепшыць клімат, у першую чаргу гандлёва-эканамічны», – падкрэсліў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што «цуду ў такой сітуацыі не бывае».

Паводле Міхаіла Мясніковіча, замежная палітыка Аляксандра Лукашэнкі «сапраўды выклікае павагу»: «Гэта было сказана і ў час сустрэчы з Генеральным сакратаром ААН, і з цэлым шэрагам іншых службовых асоб, кіраўнікамі дэлегацыяў, якія прыбылі на канферэнцыю ў ААН», – сказаў Мясніковіч. У прыватнасці, паводле яго слоў, была адзначана актыўная роля Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.

Што тычыцца дзелавой сферы, то, паводле слоў Мясніковіча, намеснік выканаўчага дырэктара МВФ Мін Джу на перамовах у Нью-Ёрку адзначыў «зрухі, якія маюць месца ў эканоміцы Беларусі, валютным рэгуляванні». «Гэта таксама не застаецца незаўважаным Такім чынам, мы можам казаць аб нейкай сукупнасці пазітыўных сігналаў, якія, як мне ўяўляецца, будуць замацоўвацца і развівацца ў выгадным для нашай краіны кірунку», – падсумаваў прэм’ер-міністр.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў