Мясакамбінат патаемна пахаваў 147 000 сапсаваных кансерваў


Кіраўніцтва «аднаго з мясакамбінатаў Менскай вобласці» загадала закапаць 147 000 бляшанак сапсаваных мясных кансерваў, паведамляе Камітэт дзяржкантролю (КДК).

Працаўнікам Салігорскага міжраённага аддзелу фінансавых расследаванняў удалося выявіць, што на мясакамбінаце прыдумалі схему, якая дазваляла некалькі гадоў не адлюстроўваць у дакументах бухгалтарскага ўліку недастачу прадукцыі і сыравіны.

«Напярэдадні гадавой інвентарызацыяй на прадпрыемстве афармлялі фіктыўныя дакументы, паводле якіх знішчаная прадукцыя адпраўлялася ў магілёўскую камерцыйную арганізацыю. А пасля на прадпрыемстве ладзілі выраб няўлічанай прадукцыі замест знішчанай», – паведамляе прэс-служба КДК.

У выніку гэтых маніпуляцыяў была нанесеная шкода ў памеры Br 297 000.

У дачыненні да кіраўніцтва распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладаю або службовымі паўнамоцтвамі).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў