Менчук, якога абвінавачваюць у нападзе на міліцыянта 1 студзеня, заключаць пад варту


Цяпер 28-гадовы супрацоўнік «Кераміну» Андрэй у цяжкім стане знаходзіцца ў вайсковым шпіталі пад аховай.

Інцыдэнт здарыўся ў Менску на праспекце Любімава. Суседзі вызвалі міліцыянтаў, бо а 6 раніцы ў адной з кватэр жылога дому кампанія моцна шумела і перашкаджала адпачываць.

Відаэматэрыял пра выпадак на праспекце Любімава

Як паведамляе прэс-служба Менскага УУС, праваахоўніка, які прыбыў на месца, у дзвярах сустрэў нецвярозы мужчына. Тлумачэнні міліцыянта не прынеслі плёну. Мужчына нібыта знянацку ўдарыў супрацоўніка міліцыі ў грудзі, а потым нанёс яшчэ серыю ўдараў у галаву і паспрабаваў забраць яго табельную зброю.

Сяржант у барацьбе стрэліў у бок, а пасля зрабіў два стрэлы ў нападніка.

Хлопца затрымалі і даставілі ў шпіталь. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў. Яму можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі. У міліцыянта канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя пашкоджанні.

Адметна, што версія падзеяў, якую агучылі блізкія параненага, значна адрозніваецца ад афіцыйнай. У прыватнасці, па выкліку прыехаў не адзін, а трое міліцыянтаў. Маладзёны паводзіліся спакойна. Зрэшты, у тое, што Андрэй мог збіць міліцыянта, не вераць ягоныя сябры ды сваякі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў