Мянчанка: «Дазволілі Лукашэнку ехаць у Італію – чаму б не паглядзець? І сыну паказаць»


Візіт кіраўніка Беларусі ў Італію ды Ватыкан аказаўся паспяховым, прынамсі для іміджу.

40 хвілінаў славы для Аляксандра Лукашэнкі. Сёння ў Ватыкане кіраўнік Беларусі сустрэўся з Папам Рымскім Францішкам. Пра што ж размаўляў беларускі госць з пантыфікам? Прэсавая служба Папы напісала пра гэта агульнымі словамі: двухбаковыя дачыненні ды развіццё стасункаў. Але для Лукашэнкі, відавочна, галоўнае не тэмы размовы, а факт сустрэчы з асобаю такога рангу, як Папа.

«Гэтая сустрэча надае Лукашэнку імідж нейкі своеасаблівы, не такі, як ён быў раней, імідж апошняга дыктатара Еўропы. А вось цяпер ён на кароткай назе з Папам, маральным аўтарытэтам каталіцкага свету. Безумоўна, гэта і сігнал для свецкіх палітыкаў Еўразвязу, Захаду, што вось Лукашэнка ізноў становіцца рукапаціскальным», – каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аўдыенцыя Лукашэнкі ў сённяшняга кіраўніка святога пасаду мала чым адрознівалася ад папярэдняга візіту кіраўніка Беларусі ў Ватыкан – да Папы Бэнэдыкта ў 2009 годзе. У Апостальскі палац Лукашэнка ізноў прыехаў з малодшым сынам Колем, прывез і падарункі: гэтым разам копію крыжа Еўфрасінні Полацкай ды мадэль драўлянай карэты, а таксама запрасіў Папу Францішка ў Беларусь. Пра значэнне ж сённяшняй сустрэчы ў Ватыкане для Беларусі і для Лукашэнкі асабіста мы запыталіся менчукоў.

«Ён хоча паказаць свой «імідж», ці як гэта называецца?» – выказваецца адзін з жыхароў сталіцы.

Іншы пытаецца:

«У народа грошай прыбавіцца ад гэтага?»

А вось жанчына кажа:

«Дазволілі ехаць, Італія ўсё-такі. Чаму не паглядзець? І сыну паказаць у тым ліку».

Чакае ж вызвалены ад еўрапейскіх санкцыяў Лукашэнка ў Беларусі не толькі пантыфіка. Напярэдадні падчас сустрэчы ў Куірынальскім палацы з прэзідэнтам Італіі Сэрджо Матарэллям кіраўнік Беларусі прасіў таго спрыяць прыцягненню ў Беларусь італьянскіх інвестыцыяў. А яшчэ раней, літаральна на лётнішчы, пераконваў у гэтым прадстаўнікоў бізнесу.

«Давайце пачынаць з малога. Два-тры праекты, я буду іх асабіста кантраляваць», – заявіў тады кіраўнік Беларусі.

Зрэшты, у тым, што будзе кантраляваць, сумнявацца не выпадае.

«Заходні бізнес сюды ў вялікіх масштабах не пойдзе, пакуль не будзе адпаведных рэформаў у самой Беларусі. А ў нас сёння могуць даць асаблівыя ўмовы, а заўтра кайданкі на рукі», – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

Тым не менш візіт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан можна назваць паспяховым, прынамсі з гледзішча іміджу. Цяпер кіраўніку Беларусі застаецца замацаваць свой поспех. Напрыклад, чарговаю паездкай у Еўразвяз. Хто ж наступны запросіць яшчэ ўчора нярукапаціскальнага Лукашэнку?

Стужка навінаў