«Мядзведжая паслуга». «Ахова птушак Бацькаўшчыны» просіць не карміць птушак улетку


Чарговы раз грамадская арганізацыя «Ахова птушак бацькаўшчыны» б’е трывогу. Не зважаючы на шмат гадоў інфармацыйнай працы аб кармленні птушак, людзі не перастаюць «частаваць» іх ежай, якая шкодзіць птушкам. Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў распавёў «Белсату» пра наступствы «людской дабрыні» для птушак.

«Як ад атруты не паміраюць, але церпяць усе»

Хлеб, батон і булачкі не з’яўляюцца добрым кормам, таму што, хоць і ўтрымліваюць калорыі, іх хімічны склад не адпавядае патрэбам птушак. Як тлумачыць Максім Нямчынаў, птушкі адчуваюць насычэнне, але не атрымліваюць патрэбных мікраэлементаў. У маладых птушак і птушанятаў, якія ядуць шмат хлеба, развіваецца рахіт – мінеральна-вітамінавае парушэнне абмену рэчываў у арганізме жывёл, якое прыводзіць да розных касцяных паталогіяў і парушэння функцыі размнажэння.

Ад штучнай падкормкі птушкі церпяць на розных узроўнях – як індывідуальна, так і ў групе

Акрамя таго, забеспячэнне «лёгкім» хлебам побач з чалавекам прымушае птушак і гнездавацца побач, а гэта стварае складанасці з выжываннем гнёздаў і птушанят у нязвыклым асяроддзі. Напрыклад, калі птушаняты вылупіліся з яек, качка вядзе іх да вадаёма, а шлях часта ляжыць праз рухлівую вуліцу.

Птушкі перастаюць міграваць

Як распавядае Максім Нямчынаў, маючы адкрытую ваду і вялізныя лішкі харчоў, птушкі не мігрыруюць і застаюцца на месцы. Гэта парушае іх прыродную цыклічнасць, прыстасаванні да якой, выпрацоўваліся тысячагоддзямі.

Як адзін з момантаў: падчас інтэнсіўных доўгіх пералётаў цела птушкі значна награваецца, што забяспечвае прафілактыку і лячэнне ад многіх паразітаў. Без пералётаў птушка не атрымоўвае гэтае «працэдуры».

У хлебе няма нічога карыснага для птушак

Апроч таго, птушкі, якіх падкормліваюць, засяляюць новую прастору – бліжэй да чалавека, пакідаюць мінулую. Пры гэтым драпежнікі, якія харчаваліся гэтымі птушкамі, вымушаныя змяняць свой рацыён. Адбываюцца трансфармацыі на ўзроўні экасістэм, бо змены ў жыцці аднаго гатунку выклікаюць іншыя змены – і так па ланцужку.

Не карміць увогуле!

Асаблівую ўвагу спецыялісты АПБ звяртаюць на падкормку качак і лебедзяў, якія ўжо даўно перасталі ўсведамляцца чалавекам, як дзікія птушкі.

«Гэтая практыка – экалагічны абсурд! У некаторых заходніх краінах ставіць аўтаматы з адмысловым кормам для птушак. У Празе такое ёсць, у іншых месцах. Аднак тут таксама недахоп досведу ў грамадстве і камерцыйныя інтарэсы. Для турыстаў пакарміць лебедзя на Влтаве для сэлфі – як узысці на Эйфелеву вежу ў Парыжы, без гэтага – не залік! І можна не «парыцца» з навукай і адукацыяй. Канешне, гэта пэўная мінімізацыя шкоды, бо кармленне зернем больш фізіялагічнае для гэтых птушак, чым хлебам. Аднак усе экалагічныя наступствы застаюцца тымі ж. Падкормка дзікіх птушак у Беларусі не забароненая, але важна ўлічваць наступствы для іх саміх, бо ў цёплы сезон гэта мядзведжая паслуга. Правільная падкормка вадаплаўных, што засталіся на зімоўку, можа мець месца толькі ў маразы», – дадае Максім Нямчынаў.

Арнітолагі нагадваюць, што дзікія птушкі мусяць здабываць корм самастойна

Паўліна Валіш, фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў