Мядзведзеў распавёў пра шантаж з боку краінаў – чальцоў ЕАЭС


Дзмітрый Мядзведзеў

Прэмʼер-міністр Расеі сцвярджае, што ў ЕАЭС «ніхто нікога гвалтоўна не трымае».

У Бішкеку праходзіць першае ў гэтым годзе пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савету. На сустрэчу сабраліся кіраўнікі кабінета міністраў Расеі, Казахстану, Беларусі, Арменіі ды Кыргызстану, каб абмеркаваць інтэграцыйны парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Мядзведзеў мяркуе, што пачасціліся сітуацыі, калі праблемы двухбаковых дачыненняў пераносяцца «на шматбаковую пляцоўку саюзу».

«Выкананне дасягнутых намі дамоўленасцяў і сам інтэграцыйны працэс у цэлым становяцца закладнікамі нацыянальных інтарэсаў, якія разумеюцца спецыфічна. Па сутнасці, у адносінах да іншых чальцоў саюзу, якія не ўцягнутыя ў спрэчку, узнікае абсалютна недапушчальная сітуацыя, гэтая сітуацыя падобная да шантажу – альбо вы паўплываеце на рашэнне іншага боку ў спрэчцы, альбо мы нічога не падпішам», – заявіў расейскі прэмʼер.

Калі гаворка пайшла пра цэны пра газ, Дзмітрый Мядзведзеў папярэдзіў калегаў:

«Калі б некаторыя краіны, прысутныя тут, не ўваходзілі ў склад нашага саюзу альбо, прадставім сабе, выйшлі са складу саюзу, яны б набывалі зараз газ па еўрапейскіх цэнах – каля $ 200 за тысячу кубаметраў. Вось і ўсё. І не трэба нічога даказваць, практыкавацца ў разліках. Усё было б істотна даражэй».

Пра гэта Мядзведзеў папрасіў усіх памятаць у наступны раз, калі прымаюцца рашэнні, што тармозяць інтэграцыю ў межах ЕўрАзЭС. У саюзе ніхто нікога гвалтоўна не трымае, дадаў расейскі прэмʼер-міністр.

Варта нагадаць, што ў снежні на сустрэчу кіраўнікоў краінаў ЕўрАзЭС, якая адбывалася на фоне вострай газавай спрэчкі паміж Беларуссю ды Расеяй, не прыехаў Аляксандр Лукашэнка.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Российская газета», фотаздымак «РИА Новости»

Стужка навінаў