Мядзведзеў назваў землятрус у Казахстане «Божым знакам» для Беларусі


Прэм’ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў расцаніў невялікі землятрус магнітудай 3.7 балаў, які здарыўся ў Алма-Аце падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў, як «сігнал звыш для Беларусі». Гэта адбылося пасля паседжання міжурадавай камісіі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), на якім удзельнікі абмяркоўвалі захады Менска па абароне рынку.

«Шаноўныя калегі, мы з вамі падпісалі ўсе дакументы. Наша сённяшняя сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы, суправаджалася нязначным землятрусам. Як справядліва мае калегі кажуць, землятрус адбыўся ў момант разгляду пастановы нумар 666 Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэта для ўсіх для нас урок, а для Рэспублікі Беларусь – знак, сігнал Божы », – цытуе Мядзведзева «РИА Новости».

Мядзведзеў удакладніў, што гаворка ідзе пра пастанову, якая ўводзіць абмежаванні для міжгранічнага перамяшчэння тавараў.

«Гэта пастанова ўводзіць пэўныя абмежаванні. Мой беларускі калега досыць пераканаўча тлумачыў, для чаго такія рашэнні былі прынятыя: каб усякую дрэнь на рынак не цягнулі, і гэта ўсё правільна, але, з іншага боку, гэта абмежаванне », – сказаў прэмʼер Расеі.

Па словах Мядзведзева, удзельнікам ЕАЭС трэба знайсці баланс паміж абаронай уласных рынкаў і стварэннем агульнага.

Пастанова Савета Міністраў Беларусі №666 ад 6 жніўня 2015 года прысвечана дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе прадукцыі замежнай вытворчасці і парадку выдачы санітарна-гігіенічнага заключэння.

КА, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў