Мядзведзеў хоча замяніць усю ўкраінскую соль расейскай


Прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў лічыць «дзіўнай сітуацыяй» тое, што Расея не сама здабывала соль, а закупляла яе ва Украіне.

Мядзведзеў заявіў, што Расея сама павінна цалкам забяспечваць сябе соллю, а не завозіць яе з Украіны, як гэта было раней. Пра гэта палітык заявіў у пятніцу на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым, падае korrespondent.net.

«Для мяне дастаткова дзіўнай была сітуацыя з соллю, якой у нас, на самай справе, больш за ўсё ў свеце, але мы яе самі не выраблялі, завозілі з Украіны. Цяпер трэба падумаць пра тое, каб цалкам сябе забяспечваць усімі прадуктамі ў межах імпартазамяшчэння», – сказаў Мядзведзеў.

Перад сустрэчай Мядзведзеў агледзеў выстаўку першага Усерасейскага форуму харчовай бяспекі. «Па некаторых пазіцыях мы знаходзімся на перадавым узроўні, за апошнія гады зрабілі якасны рывок наперад», – адзначыў расейскі прэм’ер.

Але па некаторых відах прадуктаў, дадаў ён, расейскаму аграпрамысловаму комплексу «трэба яшчэ падцягнуцца». Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра жывёлагадоўлю, сказаў Мядзведзеў.

З 26 студзеня 2015 года Расея прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю харчовай солі вытворчасці ўкраінскай кампаніі «Артемсоль». У сваю чаргу, у Міністэрстве аграрнай палітыкі Украіны заявілі, што ні «Артемсоль», ні само Міністэрства не атрымлівалі ад Расейскай Федэрацыі прэтэнзій у дачыненні да солі.

Дзмітрый Мядзведзеў заяўляў пра тое, што Расея «можа і павінна сама сябе карміць, а таксама пастаўляць прадукцыю ў іншыя рэгіёны і краіны» яшчэ ў жніўні мінулага года.

МЯ, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў