«Мы за Лукашэначку нашага. Ой, прабачце, за Пуціна!». Як расейцы галасуюць у Беларусі


Сёння, 18 сакавіка, у Расеі праходзяць прэзідэнцкія выбары. Усяго балатуюцца 8 кандыдатаў, але расейцы, якія галасавалі ў Беларусі, распавялі нам, што «акрамя Пуціна абіраць няма каго». Яны прызнаваліся яму ў любові, лаяліся на «ворагаў» і выпадкова пераблыталі з Лукашэнкам.

Ад 8-й раніцы ля амбасады Расеі ў Менску – натоўп. Нягледзячы на мароз, людзі гадзінамі чакаюць сваёй чаргі, каб патрапіць на ўчастак. Шмат дарагіх аўта, жанчыны збольшага ў футрах. Некаторыя прыводзяць з сабой маленькіх дзетак. Пытаемся, навошта. «Каб адчулі атмасферу».

Чарга на выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў амбасадзе РФ. Фота Ірыны Арахоўскай / Белсат

На ўваходзе – металічная рамка, два чалавекі правяраюць торбы. Беларускія міліцыянты ў цывільным таксама тут прысутнічаюць. Раптам з тэрыторыі амбасады выходзіць цэлая група з чалавек пятнаццаці: усе з сувенірнымі торбачкамі з надпісам «Выбери свое завтра», унутры – кубак і асадка. Такія падарункі даюць не ўсім.

«Мы тут усе па сваім жаданні! Ніхто нас не падкупляў і не прымушаў галасаваць!», – абараняецца жанчына сталага веку, калі мы просім патлумачыць, чаму менавіта ім далі сувеніры. Неўзабаве побач з’яўляецца чалавек у цывільным і становіцца проста перад камерай фатографа «Белсату». Адзінае, што высветлілася – кампанія прыехала з Лунінцу. Гэтак жа арганізаваны яны пагрузіліся ў сіні мікрааўтобус і зʼехалі.

Людзі з падарункамі пасля галасавання, фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Патрапіць унутр амбасады можна толькі паказаўшы расейскі пашпарт, з відам на жыхарства галасаваць забаронена. Прэсу пускаюць па пасведчаннях. Унутры – вялізарная зала з празрыстай столяй і фантанам па цэнтры.

Тым, хто прагаласаваў выдаюцца дзве стужкі: памаранчава-чорная георгіеўская і з расейскім трыкалорам. Хлопчык гадоў сямі пытаецца ў таты: «А галасаваць – гэта як?», на што тата моўчкі працягвае яму паласатую стужку і дзіця сціскае яе ў кулачку.

фота Ірыны Арахоўскай / Белсат

Наведнікам прапануюць каву, гарбату, ваду «Баржомі». Банэр на сцяне анансуе яшчэ і гарачыя асецінскія пірагі, праўда, саміх пірагоў не бачна.

«Я не падтрымліваю па сутнасці палітыку Навальнага, але мне падабаецца, як ён арганізуе сваю апазіцыйную дзейнасць, з гэтымі відэа ў ютубе… Сабчак – жанчына не для палітыкі, яе больш па шоу «Дом-2» ведаюць. А вось Пуцін – самы ўцямны кандыдат. Асноўны плюс Пуціна? Войска. Ён падняў абароназдольнасць Расеі», – дзеліцца сваім меркаваннем Святлана, якая прыйшла на выбары ўпершыню ў жыцці.

«Мір, спакой, няма вайны. Якія яшчэ ваенныя канфлікты, дзе рускія гінуць? А, дык у Сірыю нашых вынудзіла паехаць міжнародная сітуацыя, а не Пуцін», – кажа яшчэ адна ўдзельніца.

Некаторыя прызнаюць: у Расеі складаная эканамічная сітуацыя, але віну ўскладаюць не на кіраўніцтва краіны. Ад пажылога мужчыны ў каракулевай шапцы даведваемся, што «ва ўсім вінаватыя англасаксы». Знешнюю палітыку Крамля ён называе «выдатнай». Паглядае недаверліва і ўрэшце запытвае: «А вы часам не з Украіны?» Ягоны сябар побач заўважае: «Супраць украінцаў мы нічога не маем, толькі супраць іх урада. А ўкраінцы – братэрскі народ, такі ж, як вы, беларусы».

Фота Ірыны Арахоўскай / Белсат

Шмат з тых, хто сёння ўдзельнічае ў выбарах, жывуць у Беларусі ўжо доўгі час – з мясцовым відам на жыхарства і грамадзянствам РФ.

«Беларусь – мая былая радзіма. Я нарадзіўся тут, але прапрацаваў увесь час у Расеі і сюды перабраўся на старасці гадоў, на пенсіі», – гаворыць дзядуля ў чарзе.

Жанчыны ля стэнду з кандыдатамі пьюць каву. Просім назваць галоўную заслугу Пуціна за апошні прэзідэнцкі тэрмін, з 2012 года.

«Ну канешне Крым. Вяртанне Крыму. Вам не перадаць словамі, што адзін толькі Севастопаль для рускага сэрца значыць!», – уздыхае адна з іх.

На самім участку ажыятаж. Выбарцы фатаграфуюцца літаральна з усім: са скрыняй для галасавання, з бюлетэнямі, з сябрамі, са сцяжкамі, з назіральнікамі. Дарэчы, стол назіральнікаў знаходзіцца метраў за 10 ад скрыняў. Уся заля запоўненая. Прэс-сакратар амбасады Аляксей Маскалёў кажа: «Такой колькасці людзей мы не памятаем ні на папярэдніх прэзідэнцкіх, ні на думскіх выбарах».

Чарга на выбарчым зале. Фота Ірыны Арахоўскай / Белсат
Фота Ірыны Арахоўскай/Белсат

Пры гэтым дадатковых мерапрыемстваў накшталт святочнага канцэрту сёння не плануецца. Затое ў сацсетках «Россупрацоўніцтва» агітуе ўдзельнічаць у флэшмобе – рабіць сэлфі з участкаў пад хэштэгам #ВаженКаждыйГолос.

Дзве бабулі энэргічна шпацыруюць каля фантану. Запытваем, чаму і за каго яны галасавалі.

«Мы за Лукашэначку! Ой, прабачце, за Пуцінка нашага! Вельмі любім Пуціна! А які ж ён сімпатычны! Эх, шкада, што далёка – не магу абняць».

***

Усяго ў Беларусі працуе 13 участкаў для галасавання, ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў некаторых раённых. Першыя вынікі выбараў агучаць у 00.30, а цягам 19 сакавіка будзе вядомы канчатковы вынік.

Расейцы галасуюць за мяжой ва ўсіх краінах, дзе ёсць дыпмісія РФ. У Кіеве галасаванне сарвалі. Грамадзянаў РФ, за выключэннем дыпламатаў, не будуць дапускаць на тэрыторыю расейскіх дыпламатычных установаў для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта Расеі.

Тэкст – Каця Андрэева, фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў