Мы з'елі ўсё, што планета можа даць нам за год. З сённяшняга дня чалавецтва жыве у крэдыт


Сёння ў нашай планеты скончыліся рэсурсы, што яна можа аднавіць самастойна за адзін год. Чалавецтва выкарыстала ўсю ваду, чыстае паветра, раслінны і жывёльны свет, і да канца 2017 году ўсе нашае спажыванне будзе залічвацца «у крэдыт». Кожны год гэты дзень наступае раней за папярэдні.

Так званы «дзень перавыкарыстання» у гэтым годзе выпаў на 2 жніўня. Навукоўцы з міжнародных арганізацый Global Footprint Network і WWF падлічылі, што з сённяшняга дня і да канца году мы будзем карыстацца рэсурсамі планеты, якія павінны будзем ей аддаць. Дрэвы, што чалавецтва высячэ пасля гэтай даты, не засеюцца самі. Атмасфера не паглыне увесь вуглякіслы газ, што выкіне прамысловасць і транспарт да канца году.

У мінулым годзе «дзень перавыкарыстання» прыйшоўся на 3 жніўня. У 1997 годзе гэты дзень прыпадаў на канец верасня. Гэта сімвалічная дата, якую падлічваюць прыродаахоўнікі, каб прыцягнуць увагу, што здольнасць планеты аднаўляцца – меншая, чым патрэбы яе жыхароў.

«Каб забяспечыць усе патрэбы насельніцтва Зямлі, сёння нам патрэбна 1,7 такіх планеты», – кажуць прадстаўнікі НДА. – Кошт гэтага перабольшвання бачны простым вокам: недахоп вады, эрозія глебы, спад ураджайнасці і скарачэнне колькасці рыбы, знішчэнне лясоў і знікненне відаў жывёлаў і раслін. Такое жыццё «у крэдыт» не можа працягвацца доўга, бо прырода – не невычэрпная крыніца, з якой бясконца можна выцягаць» 

Сусветныя эканамічныя паказчыкі растуць, аднак, у 2016 годзе трэці год запар не павялічваецца колькасць выкінутых у атмасферу парніковых газаў. Як лічаць прадстаўнікі НДА, гэта можа быць звязана з развіццём узнаўляльных крыніц энергіі.

У снежні 2015 года на міжнароднай канферэнцыі ў Парыжы было падпісана пагадненне, якое абавязвае краіны зніжаць выкіды СО2, каб зменшыць тэмпы і наступствы зменаў клімату.

«Дзень перавыкарыстання» прыродаахоўнікі разлічваюць кожны год, каб прыцягнуць увагу да перабольшванняў у спажыванні. Першыя гады, калі дэфіцыт рэсурсаў Зямлі стаў відавочным, наступілі на пачатку 1970-х.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu паводле AFP

Стужка навінаў