«Мы ведаем, што такое пуцінская Расея. Але ёсць і Расея Тургенева, і Расея Шэндэровіча»


Драматург Васіль Дранько-Майсюк скарыў тэатральную супольнасць Расеі грандыёзным спектаклем «Пясняр», прысвечаным Уладзіміру Мулявіну. Затым пастаноўка пераехала ў родны Менск, а за ёю і Васіль пастанавіў усё-ткі вярнуцца да родных ніў. У студыі «Белсату» драматург распавядае пра новую п’есу – з палётамі на Сатурн і ды іншапланетным каханнем, а таксама распавядае пра тое, як беларускі спектакль успрымалі ў Маскве.

Калі ты жывеш на радзіме нейкі час, ты працуеш у цудоўным тэатры Беларускай драматургіі, паставіў там дыпломны спектакль, папрацаваў асістэнтам рэжысёра ў выдатнага Валерыя Анісенкі на «Каласах пад сярпом тваім», то разумееш, што ўжо трэба неяк рухацца кудысьці далей і вырашаеш, што трэба рабіць нейкі кардынальны крок. Напрыклад, узяць і з усяго гатовага – тэатру, пастаноўкі – паехаць куды-небудзь, Усе едуць на Захад, а я паеду на Усход.

Паехаць, каб набрацца нейкага чужога досведу, ці паказаць нешта сваё?

Вучыцца. Працуючы ў Маскве, я пачаў займацца тым, чым я фактычна не займаўся ў Беларусі. Напрыклад, пачаў ставіць спектаклі для дзяцей. Выкладаць тэатральнае мастацтва дзецям. Працаваць у двух дзіцячых тэатрах. Я адкрыў для сябе новыя тэмы, новых цікавых творчых людзей. Гэта мне дапамагло. А набраўшыся гэтага, папрацаваўшы там тры гады, натуральна, што цягне на радзіму.

Васіль, вашымі вачыма: якая цяпер Расея, у прыватнасці, Масква? Гэта пагрозлівы монстр, якога баяцца ў тым ліку, беларусы на фоне вайны ва Украіне, ці гэта абсалютна разнастайная краіна, дзе ёсць месца для ўсіх?

Масква, як любы мега-горад – вельмі розная. Ты можаш там сустрэцца з праявамі шавінізму, праявамі нейкага неразумення. Разам з тым можаш пабачыць тонкіх, інтэлігентных цікавых людзей, а я працаваў і сябраваў толькі з такімі. Таму мая Масква была інтэлігентнаю і цікаваю. Гэта была Масква тэатру Пятра Фаменкі, дзе найлепшыя спектаклі ў свеце. Я стараўся бачыць гэтую Маскву. Але там жа шмат хто жыве. І ўзбекі, і кіргізы, і іншыя. І мне вельмі гэта падабалася. Карэнных масквічоў вельмі рэдка можна знайсці. І ты ў гэтым кактэйлі адчуваеш сябе дастаткова камфортна.

Пажыўшы ў Расеі, у Маскве, я зразумеў, што ёсць пэўныя стэрэатыпы. І іх трэба пазбягаць, бо Расея і Масква – вельмі розныя. Мы ведаем, што такое пуцінская Расея. Але ёсць і Расея Тургенева, і Расея Шэндэровіча. Таму калі агулам пачынаюць казаць, што Расея – гэта агулам нешта кепская, я кажу: пачакайце, а як жа гэтая і гэтая Расея. Так і з іншымі краінамі.

Цягам апошняга году, году вайны супраць Украіны, ці змянілася «гэтая іншая» Расея?

Людзі, што лёгка паддаюцца тэлевізійнаму гіпнозу, гэтак і мысляць, што трэба знішчаць гэтых «бандэраўцаў». Але мне пашанцавала. Я працаваў з людзьмі, якія гэтаму гіпнозу не паддаваліся.

Але на вашую пастаноўку «Пясняр» прыходзілі розныя людзі. Як успрынялі гледачы «Песняра»? Ці яны зразумелі беларускую душу? Бо, калі зірнуць на спектакль, там не толькі Мулявін быў, але і Купала, і Колас. Больш беларускага спектаклю цяжка прыгадаць.

Калі спектакль паставіла Валянціна Ярынькова, атрымалася энергетычна вельмі жывая рэч. Яна крыху па-свойму перапрацавала, зрабіла нейкія свае акцэнты. А калі рэч энергетычна жывая – яна чапляе. Калі Пінігін у свой час прывозіў «Тутэйшых» у Маскву, таксама – «ух, ты, які спектакль паказалі беларусы!» Таму ёсць нейкі стэрэатып – калі не свая мова, то не будзе цікава. Будзе цікава! Той самы Мулявін, дзякуючы таму, што спяваў па-беларуску і ствараў выдатную музыку, ад Камчаткі да Берасця вучылі беларускую мову.

Акрамя напрацовак з Масквы, ці ёсць творчыя задумкі, якія хочацца рэалізаваць на Бацькаўшчыне?

Так, ёсць новая п’еса, прысвечаная мастаку. Там ёсць і Драздовіч, і палёты на Сатурн, і каханне з загадкавай сатурніянкаю. П’еса напісаныя і цяпер самы галоўны план – гэтую п’есу «прабіць» па тэатрах і калектывах.

Глядзіце поўную версію інтэрвю – у відэаматэрыяле.

Гутарыў Валера Руселік

Глядзі таксама
Каментары