«Мы вас павесім і закапаем! Прывет із Пецярбурга, ёпта»


Расейскія баевікі ўзмацнілі абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў у Луганскай і Данецкай абласцях. Атакі адбываюцца з цяжкага ўзбраення – рэактыўнай артылерыі і самаходных гаўбіц. Пры гэтым агонь яны вядуць не з асобных гарматаў, а б’юць цэлымі батарэямі.

Сістэмы «Град», самаходныя гарматы, цяжкія гаўбіцы – расейскія баевікі паступова нарасцілі інтэнсіўнасць і моц абстрэлаў украінскіх пазіцыяў. Хоць усю гэтую бронетэхніку і артылерыю трэба было адвесці – і тым больш не ўжываць – паводле ўмоваў менскіх пагадненняў.

АНАТОЛІЙ СТЭЛЬМАХ, ПРЭС-САКРАТАР АТА:

«Гэтай ноччу з 20-й вечара да 5-й раніцы праціўнік па ўсіх кірунках абстрэльваў нашыя пазіцыі. Па пасёлку Пескі баевікі білі са 120-міліметровага мінамёта».

Пескі – гэта калісьці элітны пасёлак непадалёк ад Данецкага аэрапорту. Там разам з украінскімі вайскоўцамі ваююць і байцы з Беларусі. У выніку абстрэлу сем вайскоўцаў атрымалі раненні, забітых няма. Назіральнікі АБСЕ, што прыехалі ў месца дыслакацыі вайскоўцаў, паўплываць на абстрэлы з боку баевікоў могуць хіба што сваёй прысутнасцю.

(эфект)

Такія ж нулявыя паўнамоцтвы АБСЕшнікі маюць і з іншага боку фронту, на кантраляванай баевікамі тэрыторыі. Яны могуць толькі зафіксаваць перасоўванні тэхнікі ды ўзброеных людзей.

ЗА КАДРАМ – БАЯВІК «ВАТНІК»: «САУшка нашая стаіць. Капеечка… Толькі што АБСЕ прыязджала, глядзелі. Ну, глядзіце-глядзіце».

У кіраўніцтве самаабвешчанай ДНР зноўку кажуць, што Украіна парушыла Менскія пагадненні, а Еўропа гэтаму не перашкаджала. Так што прытрымлівацца дамовы нібыта і неабавязкова. Пра штурм гораду Дэбальцава, які баевікі зладзілі пасля падпісання пагадненняў, тут не згадваюць.

АЛЯКСАНДР ЗАХАРЧАНКА, КІРАЎНІК «ДНР»: «Усю адказнасць, якая ляжыць на кіеўскай уладзе, падзяляе і Еўропа. Яны падпісалі, абмеркаванне Менскіх пагадненняў адбывалася пры іх. Калі няма жадання дапамагаць, няма жадання выконваць свае менскія пагадненні, хай хаця б прымусяць Кіеў выканаць сваю частку дамовы».

ДНР і ЛНР праводзяць актыўную ратацыю тэхнікі ды жывой сілы – паведамляюць у штабе АТА. Значна выраслі аб’ёмы паставак зброі, боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі з Расеі. А на вайну з украінцамі едуць новыя баевікі, завербаваныя проста на вуліцах расейскіх гарадоў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў