Мы – самая сучасная нацыя? 5 фактаў пра беларускую філасофію


Філосаф і публіцыст «Белсату» Уладзімір Мацкевіч тлумачыць, што самае каштоўнае ў беларусах і чаму мы можам стаць самаю сучаснаю нацыяй ХХІ стагоддзя.

Уладзімір Мацкевіч прэзентаваў у Горадні свежы зборнік анталогіі беларускага мыслення «Код прысутнасці» ды прадставіў сваю візію на развіццё інтэлектуальнага мыслення ў Беларусі. «Белсат» сабраў у артыкуле найбольш цікавыя вытрымкі.

1. Актуальная задача філасофіі беларусаў: выпрацаваць сваё бачанне сябе

Глянем на матэрыяльныя, арганізацыйныя рэчы ў нашай краіне – дык усё ў нас нібы ёсць, усё ў нас як у людзей. Але ўсё адно нечага не хапае. Дык можа таго, чаго нам не хапае, мы проста ня бачым, бо імкнемся глядзець на сябе вачыма іншых інтэлектуальных традыцый. Неабходна разбурыць гэтыя погляды на сябе – што ўсходнія, што заходнія – і выпрацаваць сваё аўтэнтычнае бачанне сябе! Але з іншага боку, калі мы будзем засяроджвацца толькі самыя на сабе, будзем корпацца толькі ў беларускіх праблемах, і нічога не зможам сказаць пра праблемы свету – дык гэта будзе пэўным паказнікам нашай непаўнавартасці.

Трэба выходзіць у шырокі свет і прадстаўляць сваю візію на ўсе рэчы, наш погляд на ня нашае! Трэба дарыць свету нешта новае, не абавязкова беларускае – хай свет карыстаецца.

03

Вось напрыклад, у Беларусі ёсць два выбітныя мысляры, якія лічаць сябе метафізікамі. Гэта знаны аўтар «Кода адсутнасці» Валянцін Акудовіч, якога цікавіць пытанне быцця-небыцця чаго-кольвек. І таксама Міхаіл Баярынаў, часткова вучань таго самога Акудовіча, у 1990-х лічыўся адным з найбольш перспектыўных беларускіх паэтаў. Але потым Міхаіл кінуў паэзію і з’ехаў у Індыю на сем гадоў, стаўся стваральнікам шрыфту санскрыту для інтэрнэт-прасторы. І вось ён пазней вяртаецца ў Беларусь. Натхнёны індыйскай літаратурай, індыйскай філасофскай думкай, асабліва граматыкай санскрыту, тут у Беларусі пачаў займацца рэканструкцыяй аўтэнтычнай беларускай мовы. Саму ідэю адноўленай, вернутай да вытокаў, мовы аўтар называе «Свамова».

2. Недарэчнае ў беларусах і ёсць самае каштоўнае ў нас!

Ці варта нам капіяваць дзяржаўнае будаўніцтва развітых дэмакратый Заходняй Еўропы для нашай краіны? Возьмем за прыклад Францыю – даўнія традыцыі свабоды, роўнасці, братэрства. Што сталася бы, каб мы з канца XVIII ст. пайшлі французскім шляхам, даўшы жыццё канстытуцыі 3 траўня? Зірнем на Францыю: усе народнасці за выключэннем брэтонцаў ды касконцаў (баскаў), згубілі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, сваю мову – яны ўсе распусціліся ў французскім моры, сталіся французамі. Задаткі падобнага працэсу ў нас, дарэчы, назіраліся ў пачатку ХІХ ст. Нацыяналізм страчанай Рэчы Паспалітай – а давайце прызнаем, польскі нацыяналізм – пачаў паланізаваць жыхароў былой дзяржавы. Кашубы, шлёнзакі, беларусы, украінцы – усе мы былі бы аднолькавыя, хоць і з невялічкімі рэгіянальнымі адрозненнямі.

Ня трэба старацца быць падобнымі да іншых нацыяў. У нас ёсць свае адметнасці талерантнасці – мы значна больш адкрытыя за немцаў, і значна менш рэпрэсіўныя ў этнічным сэнсе, чым грамадзянская французская нацыя.Трэба любіць сваё.

04

Чаму калі мы заўважаем у беларусах нешта не падобнае да расейцаў ці немцаў, палякаў, дык адразу кажам: гэта нешта недарэчнае. А чаму гэта недарэчнае – можа гэта і ёсць самае каштоўнае ў нас! Чаго вартая толькі адметная ўласцівасць стаўлення беларусаў да рэлігіі – агнастыцызм. У царкву мы ходзім, але чаму – на ўсялякі выпадак…

3. Беларусы выбудоўваюцца ў самую сучасную нацыю ХХІ ст.

Калі вы пачытаеце разнастайныя тэксты цяперашніх інтэлектуалаў, мысляроў Беларусі, дык палова з тэкстаў будзе пра тое, чым або кім мы ёсць, або кім ня ёсць; што мы – недаспелая нацыя, недабудаваная дзяржава. Самі сабе ставім дыягназы. Але давайце перастанем казаць, што мы адсталыя ў нацыятворчым развіцці, а паглядзім на сябе як на прататып гэтых цяперашніх нацыяў. Мы нацыя, якая не закасцянела ў старых мадэрных і постмадэрных формах, і на сённяшні дзень з’яўляецца гнуткай, прыдатнай для афармлення ў самую сучасную нацыю ХХІ ст., не падобную да таго, як фармаваліся еўрапейскія нацыі ў ХVIII-ХIХ ст.

4. Філасофія ніколі ня скончыцца

Філасофія – гэта не вывучэнне свету, гэта размова пра нязнанае, або пра тое, чаго яшчэ не існуе. Філосафы разважаюць і ходзяць па мяжы знанага і нязнанага. Калі яны цалкам звальваюцца да нязнанага, дык становяцца містыкамі, ізатэрыкамі, бо збочылі з філасофскага, рацыянальнага, лагічнага шляху ў спекуляцыі. Каля яны збочваюць у пазнанае, у нейкія ўжо канкрэтныя прадметныя навукі, дык павінны перастаць проста разважаць, а працаваць здабываючы дакладныя веды. Філосафы ж ходзяць, намацваючы мяжу. І таму філасофія ніколі ня скончыцца, пакуль існуе гэтая мяжа пазнанага і непазнанага – вучонае няведанне.

5. Беларусы прадэманстравалі код сваёй прысутнасці ў свеце

Некаторыя пытаюцца ў мяне, ці можа творчасць беларускіх філосафаў называцца беларускім мысленнем, тыпу ці можа існаваць польская фізіка, нямецкая хімія, і жыдоўская матэматыка. Але ў нас ужо ёсць што паказаць, ёсць зборнік «Код прысутнасці» – вось вам гэткі код беларускай прысутнасці ў свеце! Гэта наш погляд на гэты свет. Нараджэнне, выбудова свайго нацыянальнага мыслення – гэта адна з першасных задач кожнага народа, які стае на шлях суверэнітэту, незалежнасці.

Тэкст і фота: Юзаф Балінскі

Стужка навінаў