«Мы проста кормім галубоў». Як берасцейцы пратэставалі супраць акумулятарнага заводу


Больш 100 чалавек выйшлі на цэнтральную плошчу Берасця, каб пратэставаць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Трэцюю нядзелю запар берасцейцы збіраюцца на галоўнай плошчы Берасця, каб абмеркаваць праблему акумулятарнага заводу і іншыя пытанні. Людзі прыходзяць на плошчу без лозунгаў, плакатаў ці транспарантаў, гутараць і кормяць купкі галубоў. Далёка не кожны прысутны тут гатовы адкрыта сказаць, што выйшаў на пратэст. Людзям больш падабаецца фармулёўка «сабраліся абмеркаваць бягучыя падзеі».

«Мы проста кормім галубоў», – кажуць некаторыя пратэстоўцы.

Пакуль улады ніяк не рэагуюць на такія акцыі берасцейцаў, але, як кажуць удзельнікі гэтых нядзельных «кармленняў птушак», яны ўсе ж маюць пэўны эфект.

«Як сказаў адзін з чыноўнікаў: не спрабуйце на нас ціснуць. А мы ціснем! Людзі прыходзяць на плошчу, нічога не парушаюць, кормяць птушак, і ўладзе няма за што скласці пратакол, няма за што даць штраф, але мы тут, мы незадаволеныя. У выходныя плошча павінна быць пустая, не павінна быць гэтай карцінкі. Таму ўлада вымушаная ісці на перамовы». – сказаў журналісту «Белсата» актывіст АГП Аляксандр Кабанаў.

На думку ўдзельнікаў акцыі, выходзячы на плошчу, яны ствараюць рэзананс, паказваюць, што праблема ёсць. «Мы чакаем адказ прэзідэнта, магчыма, дапаможа, магчыма не. А, можа, аддасць распараджэнне, каб скуру жыўцом з кагосьці знялі». – гаворыць яшчэ адзін з пікетоўцаў.

Паводле словаў актывіста Фёдара Петрусевіча, заўтра ў Берасцейскі гарвыканкам будзе перададзены зварот з просьбай дазволіць 18 сакавіка на гэтым жа месцы правесці мітынг праціўнікаў заводу, подпісы за гэта збіраліся падчас сённяшняй акцыі.

***

Гаворка ідзе пра акумулятарны завод, які будуе пад Берасцем »Першая акумулятарная кампанія« пры ўдзеле кітайскіх інвестараў. Людзі заклапочаныя магчымымі экалагічнымі наступствамі – забруджваннем паветра, шкоднымі выкідамі. Улады арганізоўвалі сустрэчу грамадзянаў з бізнесоўцамі, аднак усім бакам не ўдалося прыйсці да кампрамісу.

ЦЛ/КА, belsat.eu

Стужка навінаў