Мы памятаем. Чатыры гады мінула з дня выбуху ў менскім метро (+ дак. фільм)


Роўна чатыры гады таму ў выніку тэрарыстычнага акту ў менскім метро загінулі 15 асобаў, больш за 300 пацярпелі.

Ужо на наступны дзень праваахоўнікі затрымалі дваіх падазраваных – Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Акрамя абвінавачання ва ўчыненні тэракта ў метро пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску восенню 2005 года і ў Менску 4 ліпеня 2008 года.

Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў поўнасцю. Кавалёў адносіны да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад націскам следства. Суд прыгаварыў абодвух да смяротнай кары. Аляксандр Лукашэнка адмовіў ў памілаванні Кавалёва, Канавалаў прашэння не пісаў.

Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзіла расстрэл Канавалава і Кавалёва і чарговы раз заклікала Беларусь – адзіную ў Еўропе краіну, дзе дагэтуль прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды – увесці мараторый на смяротную кару

Супярэчнасці ў справе

Справядлівае пакаранне ці ўзаконенае забойства? Чым быў расстрэл Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва? Фільм падае дагэтуль невядомыя факты, ацэнкі незалежных экспертаў, аповеды следчых пра сістэму органаў пераследу ў Беларусі, якія суд так і не разгледзеў. Чаму на працэсе галоўны абвінавачаны, Дзмітрый Канавалаў, не сказаў ані слова?

Аўтары дакументальнай стужкі «Страх у краіне спакою» аналізуюць найбольш супярэчлівыя моманты справы «тэрарыстаў з метро».

Многія ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракта, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны ўказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, доказы абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначалі беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне смерцю абвінавачаных у тэракце, што, паводле іх меркавання, выглядае падазрона.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары