Мы пакуль не разумеем, каго страцілі. Адмысловы эфір, прысвечаны памяці Міхала Анемпадыстава


У ноч на 23 студзеня Міхал Анемпадыстаў заснуў за камп’ютарам. Пазней стала вядома, што мастак памёр – інсульт.

Міхал – адзін з стваральнікаў беларускай рок-паэзіі, аўтар знакавых беларускіх песень, а таксама дызайнер, графік, паэт, публіцыст, фатограф.

«Вельмі дзіўныя адчуванні, бо ў мяне ёсць мэйлы 23 студзеня, якія я даслаў Міхалу Анемпадыставу, і на якія ўжо ніколі не прыйдзе адказ. Мы размаўлялі з ім у пятніцу досыць доўга, усе выходныя нешта дашліфоўвалі, бо ён ствараў новае графічнае афармленне для двух новых праграмаў «Белсату». Цікава, што Міхал амаль скончыў гэтую працу. Яго ўжо няма, але праграмы з ягоным графічным афармленнем з’явяцца ў эфіры», – кажа вядоўца праграмы «ПраСвет» Сяргей Пеляса.

«Міхал адзін з найлепшых беларускіх рок-паэтаў. Такіх тэкстаў, у якіх выказваецца шмат, далёка не кожны зможа зрабіць. Песні «Народнага альбома» ужо спяваюць за сталом», – распавядае гукарэжысёр Сяргей Лабандзіеўскі.

  • «Маё жыццё, маё юнацтва». Міхал Анемпадыстаў ва ўспамінах

«Ён гэтага хацеў – каб гэта былі песні, якія быццам дзесьці ўжо хтосьці калісьці чуў. І ў гэтым сэнсе гэта была пэўная стылізацыя. Між іншага, Міхал сказаў, што мы павінныя ствараць сваё. Што нават калі мы бяздумна капіюем і даганяем Захад у культуры, мы ўсё роўна не паставімся да яго крытычна, бо ў нас няма свайго культурніцкага прадукту. І гэта першае і асноўнае, што трэба рабіць – ствараць сваю культуру і свой культурны прадукт. Ён рабіў гэта кожны дзень і кожную ноч. Думаю, гэта ў пэўным сэнсе скараціла ягоныя гады», –адзначае Вольга Гардзейчык, вядоўца навінаў культуры на «Белсаце».

«Ён умеў вельмі ўважліва слухаць і вельмі стараўся цябе зразумець, але пры гэтым гэта была асоба, у якой быў свой погляд. Гэты погляд быў дастаткова цвёрды, я б нават сказаў жорсткі. Мне гэта вельмі падабалася.

Ён ствараў уражанне інтраверта, але на самой справе ім не быў, бо калі ён пачынаў гаварыць, ягоныя ацэнкі былі неверагодна дакладныя. Часам яны чаплялі. А як жа? Ацэнкі мусяць чапляць. З цягам часу я пачынаў разумець: шмат таго, што казаў Міхал, у тым ліку і ў адносінах да мяне, сказана вельмі трапна.

Гэта была асоба, мне падаецца, з вельмі вялікай палітрай мастацкіх магчымасцяў. Ён быў таленавіты ў шмат якіх галінах», – узгадвае Анемпадыстава рэжысёр Юрый Хашчаацкі.

«Ён быў вельмі інтэлігентны, сціплы чалавек, наколькі я ведаю, ніколі не павышаў голас. Ён заўжды нібы быў недзе ў старонцы і нібы назіраў. Асоба Міхала – вельмі важная для тых, хто за адраджэнне беларускасці. Міхал выступаў за адраджэнне беларускай мовы», – распавядае музыка Слава Корань.


Зборам грашовай дапамогі для сям’і Міхала займаецца Сяргей Будкін. З ім можна звязацца па нумары +375 29 6872093 або праз электронную пошту budkin1982@gmail.com.

Развітанне і грамадзянская паніхіда адбудуцца 25 студзеня ў прасторы «ОК-16» у Менску (вуліца Кастрычніцкая, 16) з 11:00 да 14:00. Крэмацыя адбудзецца на Паўночных могілках а 15:30.

belsat.eu

 

Стужка навінаў