«Мы не спяваючыя гантэлі». Віталь Гуркоў распавёў, кім ёсць «Brutto»


«Першы альбом «UNDERDOG» і сінгл «ADИDAS» – гэта была арт-правакацыя, частка нашага плану. У нейкім сэнсе мы хацелі закрануць публіку, якая енчыла пра «Ляпіса Трубяцкога» на форумах і ў сацсетках», – гаворыць чэмпіён свету па муай-тай і ўдзельнік «Brutto» Віталь Гуркоў.

У інтэрвю, апублікаваным на старонцы кампаніі «Будзьма Беларусамі», Віталь Гуркоў распавёў, што ў «Brutto» практычна ўсе – прафесійныя музыкі.

– Хачу адразу расцярушыць міф пра «качкоў» і «спяваючых гантэляў», – працягвае Віталь Гуркоў. – Раскажу пра нашых хлопцаў. Дыня і Шуруп – музыкі з рытм-секцыі – маюць добрую музычную адукацыю, перайгралі ў шмат якіх прафесійных гуртах. У тым ліку і ў «Ляпісе Трубяцкім». Паша «Rude Boy» Траццяк – мультыінструменталіст, якога ў свой час узялі ў Акадэмію музыкі без экзаменаў. У нас ён грае на клавішах, гітары і мандаліне. Лэфт – гэта вядомы андэграўнд-дзеяч і класны гітарыст з Украіны, які ў сябе дома ўдзельнічаў у топавых хардкор-гуртах. У Лэфта вышэйшая эканамічная адукацыя. Да таго ж ён мае дыплом, які дае права выкладаць ангельскую мову ў ВНУ. Пеця «AIST» таксама з Адэсы.

– Дзіўная мянушка для ўкраінца.

– Калі ён прыехаў у Беларусь, то першае, што яму спатрэбілася, – гэта ровар AIST. Яго здзівіла, што ў нас нельга набыць гэты апарат у старым кузаве, скажам так. А ён прызвычаіўся на ім ездзіць у Адэсе і вельмі сумаваў. За гэта мы яго празвалі AIST. Пеця скончыў Адэскую мастацкую вучэльню па спецыяльнасці спевы, таксама граў у розных гуртах на бубнах. То бок раней да музыкі не мелі прафесійнага дачынення толькі я і Бразіл. Але і мы заўжды былі каля нашай хардкор-сцэны. Я насамрэч увесь час займаўся творчасцю, але тады гэта не вылівалася ў нешта сурёзнае.

– Пра Бразіла ведаем, што ён праспяваў песню «Гіры». Больш нічога.

– У мінулым жыцці ён працаваў эканамістам у банку. У галіне спорту Бразіл сёння займаецца змяшанымі адзінаборствамі. Тапор – бізнесовец і рэжысёр.

Ён здымаў кліп «Андэрдог», браў удзел у запісе альбому. То бок людзі сабраліся далёка не дурныя.

Пра скандальны сінгл «ADИDAS»: Арт-правакацыя дапамагла расставіць прыярытэты: хто далей ідзе разам з намі

Першы жывы канцэрт «Brutto» далі ў сярэдзіне лістапада ў Краснадары. За некалькі дзён да гэтага Віталь Гуркоў правёў там свой байцоўскі семінар.

– Мяркуючы па фотаздымках, людзей прыйшло вельмі шмат. Хто арганізаваў майстар-клас? Што там адбывалася?

– Прэзідэнт Федэрацыі тайскага боксу Расеі даведаўся аб маім падарожжы ў Краснадар. Ён прапанаваў правесці шэраг навучальных заняткаў у тых гарадах, куды мы паедзем з канцэртамі. Семінар праходзіў у новым, вельмі сучасным і фірмовым клубе. Здзівіла, што туды прыйшло каля 150 чалавек, каб паглядзець на мяне як на спартоўца, які пакінуў след у муай-тай. Былі людзі з усяго Краснадарскага краю, а таксама з Растова і нават з Сібіры. Палова проста фатаграфавалася і гутарыла. Іншыя ўдзельнічалі ў занятках. Былі і дарослыя мужчыны, і дзяўчаты, і юніёры. Дарэчы, у гэтым клубе да мяне праводзіў семінар легендарны баксёр Рой Джонс. Я таксама адчуў сябе Роем Джонсам, бо так шмат аўтографаў ніколі нідзе не даваў.

— Калі выйшаў сінгл «ADИDAS», ён шмат каго здзівіў. Мабыць, некаторыя слухачы пакрыўдзіліся.

— Першы альбом «UNDERDOG» і сінгл «ADИDAS» — гэта была арт-правакацыя, частка нашага плану. У нейкім сэнсе мы хацелі закрануць публіку, якая енчыла пра «Ляпіса Трубяцкога» на форумах і ў сацсетках. Гэта як Мухамэд Алі задзіраў сваіх апанентаў перад боем. Ён мог казаць непрыемныя рэчы, каб вывесці саперніка з раўнавагі, але тым самым прыцягваў увагу публікі. Таксама наша пазіцыя дапамагла расставіць прыярытэты — хто далей ідзе разам з намі.

«Brutto» — новы гурт і не трэба атаясамліваць яго з мінулым і пускаць соплі. Гэта быў адказ людзям, якія могуць толькі п……. і заяўляць пра намеры, але нічога вартага не робяць. А ў «Brutto» аб’ядналіся людзі, якія ўвесь час знаходзяцца ў віры дзейнасці, шмат працуюць і выдаюць прадукт. Ставім задачы і іх дасягаем. Тыя, хто пакрыўдзіўся, — з імі нам, пэўна, не па дарозе. Мэта была гэтых людзей справакаваць і прымусіць думаць.

— Цікава, а што вы думаеце пра нашу вечную ментальную праблему? Што ў Беларусі мала прасторы для манеўраў і рэалізацыі. Вы стартавалі з усімі ў аднолькавых умовах, але стрэльнулі і ў музыцы, і ў спорце.

— Павінная быць уласная матывацыя чымсьці займацца і нешта змяніць перш-наперш у сабе. Па вялікім рахунку, больш вам ніхто не дапаможа. Трэба адшукаць свой зніч, які павядзе наперад.

МЛ, паводле budzma.by

Стужка навінаў