«Мы не пачуем «пісталетаў» жыўцом, мы спазніліся на «Ўудстак», але мы хацелі рабіць сваё»


Анарха-дысідэнт ды легенда гарадзенскай панк-сцэны Стас Пачобут распавядае пра беларускі рывок да свабоды – як гэта было ў 90-я.

Напрыканцы 1980-х, падчас палітычнага плюралізму ў савецкім грамадстве пачынаюцца змены. У моладзевую прастору прасочваюцца заходнія «буржуазныя» каштоўнасці. Вараная джынса і песні на ангельскай мове захопліваюць увагу маладога пакалення.

Жыхары Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны пачынаюць слухаць польскае радыё і глядзець польскі канал «Едынка». Шмат моладзі ў той час «падсела» на замежную «папсу», якая транслявалася на польскіх тэлерадыёхвалях, але былі і іншыя – аматары гуртоў «Metallica» і «Slayer» ці «Sex Pistols», польскіх панк-камандаў «Lady pank» і «Kult», а таксама расейскай «Гражданской Обороны». Гэтая публіка і становіцца прадстаўнікамі першых нефармальных рухаў на Беларусі. Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага панку Стас Пачобут расказвае пра першыя гады «Deviation», анархію, дасягненні і страты свайго пакалення.

2
1997 год. Злева направа: Саня Буйко (трохі пазней – вакалістка гурта Contra La Contra), Стас Пачобут, Саня «Саха», Алесь Дзянісаў.

– Нашае пакаленне асэнсоўвала сябе праз прызму таго, што мы не пачуем «пісталетаў» жыўцом, мы спазніліся на Вудсток і не паспелі на збунтаваны травень 68-га ў Парыжы. Але нягледзячы на гэты смутак, хацелася зрабіць нешта сваё. Дадай да гэтага правінцыю, да каторай збольшага нават перабудова не дакацілася. Хацелася ўсё пазмяняць, але спачатку даць з бота па гэтаму «сметніку».

– Якім быў гарадзенскі панк напачатку 90-х?

– Вельмі розным. Па-першае, ён не быў асобнай субкультурай. Умоўна тых, хто належаў да субкультуры таго часу, можна назваць нефармаламі. Металісты, панкі, хіппі, мастакі і проста нестандартныя і антысацыяльныя асобы тусаваліся разам. Хадзілі на адныя і тыя ж канцэрты. Адзіным панкавым гуртом у Горадні, што ведалі ўсе, быў «The Post». Яны гралі канцэрты разам з металістамі, бо сябравалі з арганізатарамі канцэртаў. Паралельна з гэтым была цэлая хваля маладых гуртоў, частка з якіх так і не дажыла да свайго першага канцэрта.

«Deviation» пачаўся з арышту

– У 1993 годзе ў Вялікай Бераставіцы мы сабраліся ўтрох: я граў на гітары, Андрэй (мой брат) на басу і на барабанах быў наш сябра Бахціяр. За лета мы зрабілі праграму і лістападзе зайгралі першы канцэрт у мясцовым клубе.

Пасля канцэрту нас з братам пасадзілі на содні за заклік да самасуду, а барабаншчыку далі штраф. Прычынаю была песня «Милицейский террор» прысвечаная былому начальніку бераставіцкага РАУС Драчову.

Мне было 17 гадоў, але нягледзячы на гэта, за парушэнне заканадаўства мяне пасадзілі на 10 дзён. І звярні ўвагу: гэта той час, калі прэзідэнта яшчэ не было і краінаю кіраваў Вярхоўны савет у якім старшынстваваў Станіслаў Шушкевіч (усьміхаецца).

– Дзе вы рэпетавалі, дзе выступалі, дзе запісваліся?

– Першае месца, дзе мы праводзілі рэпетыцыі, і быў бераставіцкі клуб культуры. Потым здымалі паўдома за кінатэатрам «Усход». Былі «кропкі» ў падвалах інтэрнатаў, бамбасховішчах і гаражах.

4
Выступалі паўсюль, дзе запрашалі. Пакуль была такая магчымасць, гралі па клубах, але такіх месцаў было ўсё менш і менш. Пачалі арганізоўваць канцэрты ў пустых дамах. Часцей акустыку. Пазней зʼявіўся гараж і пытанне з месцам канцэртаў у Горадні было вырашана. Акрамя таго гралі па шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Расеі.

Усе альбомы, акрамя апошняга запісвалі на студыі праз Фініка (Сяргей Фінскі), за нейкую сімвалічную аплату. «…чарговы дзень пад аккупацыяй» пісаў наш сябра, Ліля з «Ultra Pultra», непасрэдна ў гаражы.

– Як рэагавала дзяржава і шараговыя грамадзяне на вас?

– На пачатку 90-х панк-рок быў надта малою з’яваю, каб на яго непасрэдна рэагавала ўся дзяржава.

Ролю карнікаў на той момант выконвалі гапата і мянты. І для адных і для другіх мы былі немагчымымі для разумення.Для іх мы жылі «ня так» і кожны з іх спрабаваў «выхоўваць» на свой лад.

Мяне неяк затрымалі на некалькі гадзінаў за падраныя джынсы. Патруль сказаў, што я сваім выглядам ствараў аварыйную сітуацыю на дарогах (смяецца).

– Ці з тых часоў твае погляды змяніліся?

– Я – анархіст. Мне падаецца, што сапраўднаму чалавеку не патрэбная карная машына дзяржавы, каб існаваць у грамадстве. Будучае ў разнастайнасці і самаарганізацыі. Мне хочацца верыць, што праз вызваленне прасторы нашага жыцця і культуры ад уплыву дзяржавы мы створым свой уласны свет, у якім будзем не рабамі інстытутаў, а гаспадарамі ўласнага жыцця.

3

Апошні склад гурта Deviation. Стас Пачобут – вакал, Андрэй «Муха» Мухін – бубны, Мікіта «Паравоз» Павроз – бас, Белка – гітара.
– Што можаш сказаць пра сучасных гарадзенскіх панкаў?

– Гарадзенская панк-сцэна, на мой погляд, самая моцная і разнастайная не толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы. Ёсць больш фолкавыя «Dzieciuki» і «Людзі на балоце», брутальныя анархісты з «I Hope You Die», «Bagna» i «Monday Suicide», эксперыментальнае «Ultra Pulltra», стрыт-панк ад «Містэр Х», олдскул ад «Tlusta Lusta». Шмат новых цікавых гуртоў: «Dispierta», «Куски Ильича». Мне падабаецца гарадзенская сцэна.

– У цябе цяпер ёсць праблемы з беларускай дзяржавай?

– Гэта ў яе праблемы са мной(смяецца).

Арцём Сіневіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары