«Мы не будзем плаціць падаткаў, мы не будзем плаціць арэнды»

video

https://www.youtube.com/watch?v=ZDA_wPJpZtw

Апошняя надзея захаваць свой бізнес, працу і прыбыткі. Сотні прадпрымальнікаў, якія прыехалі ў Менск, вераць у станоўчыя вынікі гэтага форуму ў выглядзе новага дыялогу з уладамі.

«Яны спадзяюцца, што пасля форуму ўлады пойдуць насустрач у такой цяжкой сітуацыі, дадуць прадпрымальнікам папрацаваць, зарабіць грошай, каб прынамсі пракарміць сваю сям’ю», – зазначае Віктар Марчык, абʼяднанне «Перспектыва».

А часу застаецца зусім няшмат. Тым больш, што папярэднія перамовы з уладамі толькі на нейкі час перасунулі перспектыву банкруцтва большасці ІП. Гэтак было сёлета ў сакавіку. Цяпер праблема вярнулася з новаю сілаю.

«Працаваць з 1 студзеня мы не зможам. Мы прыпыняем сваю працоўную дзейнасць. Мы не будзем плаціць падаткаў, мы не будзем плаціць арэнды. Дзяржава недаатрымае грошай як ад нас, гэтак і ад арэндадаўцаў», – распавядае Святлана Калачова, прадпрымальніца з Гомлю.

Галоўнаю ж перашкодаю для абсалютнай большасці індывідуальных прадпрымальнікаў застаецца ўказ прэзідэнта нумар 222. Паводле дакументу, гандляры абавязаныя мець суправаджальныя дакументы і сертыфікаты на тавар. У выпадку іх адсутнасці ІП чакаюць штрафы нават да 200 базавых велічыняў. Таму падчас сённяшняга форуму аб’яднанне «Перспектыва» запрапанавала ўладам свой антыкрызісны план. Праект прадугледжвае, між іншага, мараторый на дзеянне прэзідэнцкага ўказу.

«Мы спрабуем развязаць сітуацыю да першага студзеня, каб не даводзіць да крайнасцяў. Мы вельмі гэтага хочам. Мы хочам больш за ўсіх», – тлумачыць Анатоль Шумчанка з абʼяднання «Перспектыва».

Ці атрымаецца дыялог, пакуль не вядома. На сустрэчы прадпрымальнікаў прысутнічаў прадстаўнік Міністэрства гандлю. Аднак з ягоным словаў стала зразумела, што саступаць чыноўнікі пакуль не збіраюцца.

«Вы мусіце вынесці з гэтага форуму: мы будзем працаваць, не толькі павінныя, але мусім працаваць. Калі неабходна прымаць нейкія рашэнні, то яны прымаліся, прымаюцца і будуць прымацца. Але цывілізаваны рынак прадугледжвае гандаль з дакументамі. Цывілізаваны рынак прадугледжвае арганізаваны гандаль. Да гэтага мы ішлі не адзін год», – мяркуе Андрэй Мяшкоў, Міністэрства гандлю.

Прадпрымальнікі кажуць, што атрымаць такія дакументы амаль не магчыма. Аптавікі на рынках Мытнага саюзу папросту іх не маюць. У такім выпадку адказнасць за якасць тавару кладзецца цалкам на плечы ІП. А яны лічаць гэта недапушчальным. Прапанова ж уладаў гандляваць айчыннаю прадукцыяй не сустрэла аптымізму.

«Наш беларускі тавар, ён дарагі, ён непакупны, ён не заўсёды прыгожы, ён неканкурэнтаздольны. І яшчэ атрымліваецца, што будзем гандляваць адным і тым жа», – дадае прадпрымальніца Святлана Калачова.

Чакаць адказу ўладаў прадпрымальнікі збіраюцца да дваццаць восьмага снежня. У выпадку, калі ніхто не прыслухаецца да іхнага голасу, Прадпрымальнікі не выключаюць арганізацыю сацыяльных пратэстаў ува ўсёй краіне. Далейшыя крокі дробныя бізнесоўцы абмяркуюць на наступным форуме, які пройдзе на пачатку студзеня.

Ян Бабіцкі, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары