«Мы б маглі прадацца, і даволі дорага, але...». Станіслаў Шушкевіч закрывае партыю


Пра гэта апазіцыйны палітык, першы кіраўнік Беларусі і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) паведаміў парталу «Беларускі партызан».

«У нас няма грошай», – прызнаўся кіраўнік партыі.

Члены партыі не ў стане аплочваць арэнду сямі сядзібаў і камунальныя плацяжы за іх.

«У нас заканадаўства вельмі подлае ў гэтым сэнсе, – наракае кіраўнік БСДГ. – Ёсць партыя – значыць, плаці. Трэба мець як мінімум шэсць афіцыйных памяшканняў – і ўсё ж па камерцыйным кошце! У нас ёсць нават сем, і за кожнае трэба плаціць 100-130 долараў у месяц. Вось і памножце – немаленькая сума атрымліваецца! А яшчэ калі прыплюсаваць камунальныя плацяжы, якія ўзімку значна ўзрастаюць..»., – патлумачыў выданню Станіслаў Шушкевіч.

Лідар БСДГ мае намер стварыць замест партыі «пастаянны аргкамітэт па стварэнню партыі», каб не плаціць лішнія грошы.

«Мы б маглі прадацца, і даволі дорага, але… Мы не прадаемся», – сказаў палітык.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць дзве сацыял-дэмакратычныя партыі: БСДГ і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (у свой час яе ўзначальваў кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Казулін).

Фота: nv-online.info

ЮВ, belsat.eu, паводле belaruspartisan.org

Стужка навінаў