МВФ не дасць грошаў пад выбары


Незалежныя эксперты называюць малаверагодным атрыманне новых крэдытаў ад Міжнароднага валютнага фонду да правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Місія МВФ працуе ў Менску ў межах штогадовых кансультацый з беларускімі ўладамі. Падчас візіту чакаюцца сустрэчы ва ўрадзе, Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальным банку, міністэрствах эканомікі і фінансаў. Першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч на мінулым тыдні паведаміў журналістам, што з місіяй МВФ плануецца абмеркаваць магчымасць падрыхтоўкі новай крэдытнай праграмы з фондам.

Між тым у канцы кастрычніка 2014 года Дэвід Хофман, кіраўнік місіі, заяўляў, што МВФ можа абмеркаваць з Беларуссю новую крэдытную праграму ў выпадку гатовасці беларускага кіраўніцтва да рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі.

Як мяркуе фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» Вадзім Іосуб, да канца гэтага года атрыманне грошай МВФ малаверагоднае. «Можна меркаваць, што перамовы паміж фондам і беларускімі ўладамі аб новай крэдытнай праграме, якая задаволіла б абодва бакі, будуць весціся дастаткова доўга. Да таго ж у праграме МВФ, хутчэй за ўсё, будзе ісці размова аб вельмі непапулярных мерах, якія могуць рэалізоўвацца ў краіне толькі пасля выбараў», – мяркуе Іосуб.

Падобнага пункту гледжання прытрымліваецца дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык. На яго думку, калі сёлета, нягледзячы на выбары, улады будуць прытрымлівацца эканамічнай палітыкі, узгодненай з МВФ, новая крэдытная праграма можа стартаваць ужо ў пачатку 2016 года.

«Да заканчэння выбараў атрымаць грошы ў МВФ нерэальна», – гаворыць Чубрык.

Паводле слоў эксперта, эканамічная палітыка ў краіне павінна быць паслядоўнай – для таго каб яе падтрымаў МВФ. «Калі ўрад дэклараваў курс на абмежаванне дзяржпадтрымання, ён павінен кіравацца ім на працягу года. Калі Нацбанк заявіў пра меры па абмежаванні грашовай прапановы і інфляцыі, такая палітыка павінна і праводзіцца», – зазначыў Чубрык.

Нагадаем, у пачатку гэтага года Нацбанк аб’явіў аб абмежаванні росту грашовай масы ў краіне і стрыманні інфляцыі. Першы віцэ-прэм‘ер Васіль Мацюшэўскі, сустракаючыся ў канцы студзеня з беларускімі эканамістамі, паведаміў, што ўрад падтрымлівае курс Нацбанка і са свайго боку таксама робіць захады па абмежаванні грашовай прапановы, скараціўшы аб’ёмы фінансавання дзяржаўных праграм.

На думку экспертаў, МВФ можа падтрымаць названыя меры ўрада, але пры гэтым будзе настойваць на лібералізацыі цэнаўтварэння. «За апошнія месяцы Беларусь у частцы лібералізацыі цэн зрабіла вялікі крок назад, таму фонд, які з’яўляецца апалагетам свабоднага цэнаўтварэння, будзе настойваць на адмене ўстаноўленага ў краіне кантролю за цэнамі», — прагназуе Вадзім Іосуб.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў