МВФ лічыць вайну на Данбасе прычынай эканамічнай рэцэсіі ў СНД


Пра гэта падчас брыфінгу ў Вашынгтоне заявіў кіраўнік Еўрапейскага дэпартаменту МВФ Поль Томсэн.

«Адносна рэгіёну краін СНД мы прагназуем захаванне эканамічнай рэцэсіі (у 2015 годзе – УНІАН), і гэта пераважна з-за канфлікту на ўсходзе Украіны і падзення коштаў на нафту», – заявіў Томсэн.

Прадстаўнік МВФ даў некалькі парадаў. Паводле Томсэна ўрадам краінаў СНД трэба сканцэнтравацца на фіскальнай кансалідацыі, прадуманай манетарнай палітыцы і правядзенні структурных рэформаў. У адваротным выпадку, падкрэсліў Томсэн, гэтыя краіны не змогуць дасягнуць і паловы паказнікаў, прадэманстраваных у дакрызісны перыяд – да 2008 года.

Сёлета Міжнародны валютны фонд захаваў прагноз падзення эканомікі Украіны ў 2015 г. на 5,5%. Прагназаваны ўзровень інфляцыі – 33,5%.

З Красавіка 2014 г. урад Украіны штодзённа выдаткоўвае $ 5 млн. на антытэрарыстычную аперацыю на Данбасе.

Тэмпы інфляцыі ў нашай краіне не такія жахлівыя. З пачатку году яна дасягнула 4,9%. У Расеі гэты паказнік склаў 7,4%, а ў Казахстане 1,1%.

У сакавіку ў Беларусі моцна падаражэў алей (+ 5,3%), а таксама бульба (+ 3,8%) ды тытунёвыя вырабы (+ 1,9%). Гародніна патаннела на 6,5%, а мяса і мясныя прадукты на 1,3%.

ЮВ, паводле forbes.ua, economics.unian.net

Стужка навінаў