Мужчына расстраляў адпачывальнікаў на беразе вадаёма ў Расеі, бо знікла ягоная лодка


У Яўрэйскай аўтаномнай вобласці Расеі распачалі крымінальную справу паводле факту страляніны па адпачывальніках.

Інцыдэнт адбыўся раніцай у нядзелю на беразе вадаёма ў пасёлку Мікалаеўка Смідавіцкага раёну аўтаномнай вобласці. Паміж некалькімі семʼямі адпачывальнікаў, сярод якіх былі два прадстаўнікі паліцыі, і мясцовым жыхаром, які рыбачыў непадалёк, разгарэўся канфлікт, як мяркуецца, з-за зніклай гумавай лодкі.

«Мясцовы жыхар сеў у свой аўтамабіль і зʼехаў. Вярнуўшыся праз некаторы час, ён прывёз з сабой паляўнічую стрэльбу і страляў у адпачывальнікаў», – гаворыцца ў паведамленні.

У выніку атрыманых агнястрэльных раненняў адзін з мужчынаў памёр на месцы здарэння, абодва працаўнікі паліцыі (якія знаходзіліся не пры выкананні службовых абавязкаў) атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, яны дастаўленыя ў шпіталь, дзе ім аказваецца неабходная медычная дапамога.

Адзначаецца, што паліцыянты, якія прыбылі па выкліку на месца здарэння, прапанавалі мужчыне здацца, але нападнік скончыў жыццё самагубствам.

У цяперашні час на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў