Ля Адміністрацыі прэзідэнта Літвы затрымалі мужчыну, які пагражаў узарваць сябе


Мужчына, які пагражаў узарваць сябе ля прэзідэнцкай адміністрацыі ў Вільні, быў затрыманы без ужывання сілы. Ніякіх патрабаванняў ён не высоўваў.

Абноўлена. Кястуціс Ланчынскас паведаміў медыям, што мужчына затрыманы, ужываць сілу не спатрэбілася. Што знаходзілася ўнутры валізы, пакуль невядома, гэта высвятляюць праваахоўнікі. Таксама не паведамляецца, ці быў мужчына ўзброены. Высвятляюцца і матывы ўчынку.

Паводле словаў Ланчынскаса, гэта было першае такое здарэнне ў Літве. Распачатая крымінальная справа па арт.250 Крымінальны кодэкса Літвы (тэрарызм). Мужчыне пагражае рэальны турэмны тэрмін.

Пасля высветлілася, што выбухоўкі затрыманы (1982 года нараджэння) не меў. Яго псіхічны стан выклікае падазрэнні, паліцыя ахарактарызавала яго як неадэкватнага.

Пра здарэнне паведамляла Delfi, спасылаючыся на прэс-службу прэзідэнта Літвы.

Працаўнікам адміністрацыі прапанавалі пакінуць будынак, прэзідэнта ў ім не было.

На месца здарэння каля 17-й гадзіны з’ехаліся паліцыянты, пажарныя і хуткая дапамога.

Дзяжурны Дэпартаменту аховы кіраўніцтва патэлефанаваў у паліцыю а 16.40 і паведаміў пра падазронага мужчыну, які пагражае здзейсніць самападрыў.

Паліцыя перакрыла рух на суседніх вуліцах. Быў абвешчаны план «Шчыт».

Усё адбывалася побач з Віленскім ўніверсітэтам.

«Чытальная зала была поўная. Прыйшоў нейкі мужчына і папрасіў нас пакінуць будынак. Панікі не было, аднак ля гардэробу стварыліся чэргі», – распавяла Delfi дзяўчына, якая разам з іншымі чытачамі была эвакуяваная з бібліятэкі ўніверсітэту.

Каля 17.50 перамовы з мужчынам, які пагражаў самападрывам, яшчэ вяліся.

Камандуючы антытэрарыстычным падраздзяленнем Aras Віктарас Грабаўскас паведаміў, што тэрыторыя цалкам зачышчаная, небяспекі для грамадзянскіх асобаў няма.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў