Музей у Нямнова: ад шлюзавых механізмаў да нямецкіх аўтографаў


Як вядома, Аўгустоўскі канал на беларуска-польскім памежжы,  унікальны помнік водных камунікацыяў ХІХ ст., а пасля рэканструкцыі 2004–06 гг., яшчэ і распіараны ў Беларусі турыстычны аб’ект.

Разам з тым аніводнага паўнавартаснага музею на беларускім баку няма, калі не лічыць калекцыю Зажэцкіх, рупліва сабранай нашчадкамі персаналу канала.

Любоў Іванаўна Зажэцкая праводзіць нас у дамок з чырвонай цэглы за 50 метраў ад шлюзу Нямнова. Дом збудавалі ў 1905 годзе як мытны пункт, а ў суседні белы будынак на 30 год раней як «дом надзорцы». Калекцыя змяшчаецца ў адным пакоі з высокімі столямі: гэта механізмы са шлюзаў, будаўнічыя матэрыялы пазамінулага стагоддзя, прадметы побыту з вакольных вёсак, расейскія і нямецкія штыкі ды інш.

Музей спачатку месціўся ў гаражы, ім займаўся мой муж, а пасля пераехаў сюды, – распавядае Любоў Іванаўна, – калі канал за савецкім часам быў у заняпадзе, то розныя механізмы людзі здавалі на металалом, а нам шкада было, дык збіралі каля хаты. А пасля ўжо і суседзі пачалі тое-сёе падносіць.

На сценах партрэты будаўнікоў каналу – Бжэстоўскага, Пандзіцкага, Лелявеля. Пад імі – старая колбачка для забору вады на аналіз. Сын Любові Іванаўны некаторыя матэрыялы аформіў у самаробныя рамкі, а тое, што не ўлезла ў пакой, размясціў у вялікай гаспадарчай пабудове ў двары. Тут у нас більярд, сталы стаяць – людзі прыязджаюць часам адпачыць, знаёмыя. З часам плануем усё аформіць і зрабіць аграсядзібу.

Пакуль жа комплекс не мае аніякай рэгістрацыі, таму і білеты нічога не каштуюць – заходзь ды глядзі. Але месца лепшага для музею і аграсядзібы на канале прыдумаць цяжка: побач ці не самы вядомы шлюз Нямнова, на якім спыняюцца ўсе турыстычныя аўтобусы, а памежную зону адсунулі далей і быць тут можна без адмысловых дазволаў.

Сцены былога мытнага пункту памятаюць гісторыю ў літаральным сэнсе слова: сто годоў таму ў частцы будынку была гасцініца, а ў Першую сусветную тут папераменна кватараваліся немцы і расейскія казакі. Адсюль і надпісы хімічным алоўкам на чырвонай цэгле: «1915 годъ», а побач – «O.Schulz 1.9.1917».

Сучасныя ж «шульцы» пакуль упарта выбіраюць для падарожжаў польскі бок каналу – з лепшай інфраструктурай і без візавых клопатаў. Беларускі бок дагэтуль прыхоўвае скарбы і чакае свайго турыста.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў