Музей у Горадні мяркуе, што мае карціну Малевіча. Грошай на экспертызу не хапіла…


Выява чалавека з лапатаю, магчыма, належыць пэндзлю Казіміра Малевіча. Фота sb.by

Побач з прозвішчам Малевіча на подпісе да карціны стаіць пытальнік.

Намаляваны маслам на фанеры чалавек з лапатаю вісіць у гарадзенскім Новым замку (тут месціцца абласны гісторыка-археалагічны музей) з 1994 года. Дырэктар Юры Кітурка пакуль не збіраецца звяртацца па дапамогу экспертаў: сам ён у аўтарстве Малевіча ўпэўнены, а меркаванне адмыслоўцаў каштуе грошай. Прадаваць жа карціну музей не збіраецца. Пра гэта піша «Советская Белоруссия».

Выяву калісьці канфіскавалі на мытні. Паводле дырэктара музею, калекцыянер спрабаваў пераправіць яе на Захад, добра ўсведамляючы вартасць экспанату. Калі б аўтарства пацвердзілася, гэта быў бы адзіны твор сусветна вядомага мастака, які захоўваецца на тэрыторыі Беларусі. З нашаю краінай Казіміра Малевіча звязвае тое, што ў 1919 годзе ён некаторы час працаваў у Віцебску з Маркам Шагалам.

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары