Мустафа Джэмілеў: З пачатку расейскай анексіі Крым пакінулі 10 тысячаў крымскіх татараў


З Крыму працягваюць выціскаць крымскіх татараў.

«Жорсткая дыскрымінацыя і беззаконне ў дачыненні крымскіх татараў, асабліва выкраданні ды забойствы маладзёнаў, прымусовыя прызывы моладзі ў войска з перспектываю адпраўкі ваяваць супраць братоў-украінцаў, поўная адсутнасць дэмакратычных свабодаў і адсутнасць хоць якіх перспектыў для моладзі ў акупаваным Крыме змушае шмат каго зноў пакідаць сваю радзіму і перасяляцца на мацерыковую частку Украіны», – заявіў на Сусветным кангрэсе крымскіх татараў у Анкары Мустафа Джэмілеў.

Лідар крымскіх татараў дадаў, што пасля гэтак званай «крымскай вясны» на паўвыспу прыбылі з месцаў дэпартацыі 76 сем’яў, але ніводная з іх не атрымала дазволу пасяліцца ў Крыме, бо «штогадовая квота» ўжо вычарпаная, і ўсе яны вярнуліся назад. Паводле Джэмілева, у папярэднія гады ў Крым вярталіся да 2 тысяч асобаў штогод.

Лідар крымскіх татараў адзначае, што ствараецца ўражанне, нібы «беззаконне ў стасунку да крымскіх татараў адбываецца, у тым ліку, менавіта з мэтаю выціснуць іх за межы Крыму».

НМ, belsat.eu, паводле Radiosvoboda.org

Стужка навінаў