МУС Украіны: Расследаваннем забойства Шарамета займаюцца дзве групы лепшых спецыялістаў


Але інфармацыю па следству праваахоўнікі не раскрываюць праз таямніцу следства.

Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў сцвярджае, што следства па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета ідзе інтэнсіўна, але адмаўляецца паведамляць якую-небудзь звязаную з ім інфармацыю, спасылаючыся на таямніцу следства.

«Усё, што зʼяўлялася ў прэсе ў першыя дні расследавання, сурʼёзна перашкодзіла следству, таму мы зачынілі інфармацыю. Расследаванне гэтага злачынства ідзе інтэнсіўна, але ніякую інфармацыю мы пакуль даваць не будзем», – цытуе Авакава «Інтэрфакс».

Раней Авакаў ужо заяўляў, што ёсць усе шанцы раскрыць забойства Шарамета.

«Магу сказаць толькі, што расследаваннем займаюцца дзве групы лепшых спецыялістаў. Наступная навіна ў дачыненні да гэтага забойства будзе, калі мы дамо канкрэтную інфармацыю аб выніках», – дадаў міністр, адказваючы на пытанні журналістаў у Славянску Данецкай вобласці ў чацвер.

Беларускі журналіст Павел Шарамет, які працаваў ува Украіне, загінуў 20 Ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева. Выбух адбыўся, калі журналіст ехаў у аўтамабілі. Машына належала кіраўніку «Украінскай праўды» Алёне Прытуле, але яе ў машыне не было.

Пакуль ніякіх падрабязнасцяў адносна расследавання праваахоўныя органы не паведамляюць.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары