МУС пагражае крымінальнымі справамі беларусам, задзеяным у канфлікце на Данбасе з абодвух бакоў


Пра гэта 19 лістапада паведаміў журналістам кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, піша «Еўрарадыё».

«Ёсць рэальныя праверачныя матэрыялы. Лагічным іх завяршэннем бліжэйшым часам будуць крымінальныя справы па адпаведных артыкулах Крымінальнага кодэксу супраць вызначанага пераліку асобаў, якія прымаюць удзел у баявых дзеяннях на розных баках канфлікту ў Данбасе».

Матэрыялы збіраюцца па артыкуле «Наёмніцтва». Паводле Шуневіча, збор гэтых матэрыялаў вядзецца ў дачыненні да групы прыблізна ў 20 чалавек, хоць на Данбасе ваявала каля ста.

«Для нас няважна, на чыім баку ваюе чалавек – нам важна, што чалавек парушае наш беларускі закон. Таму ў групе, пра якую я казаў, ёсць і тыя, хто ваюе на баку ўраду Украіны, так і тыя, хто ваюе на баку ДНР/ЛНР. Мне складана сказаць, ці будзе факт здзяйснення «ваенных злачынстваў» мець значэнне для вынясення судовага вердыкту… Я думаю, што найперш будзе разглядацца наяўнасць складу злачынства «Наёмніцтва». Калі склад злачынства па гэтым артыкуле будзе пацвярджацца, то я не выключаю, што асуджэнне па гэтым артыкуле цалкам магчымае. А ўжо форма, у якой тое наёмніцтва ажыццяўлялася, на мой погляд, будзе менш прымацца да ўвагі».

Не факт, што на кожнага з іх пачнуць крымінальную справу. Шуневіч кажа, што ўсё залежыць ад таго, наколькі поўна ўдасца сабраць матэрыялы і наколькі дастатковымі будуць падставы для крымінальных справаў.

У баях за незалежнасць Украіны 10 жніўня быў паранены беларус Алесь Чаркашын з пазыўным «Тарас». Наш зямляк памёр 28 жніўня ў шпіталі. На развітанне з ім у Берасці і на Данбасе прыйшлі сотні чалавек. Ён пасмяротна атрымаў медаль ад украінскай царквы.

Чытайце таксама:

Тактычная група «Беларусь» адказалі кіраўніку беларускага МУС

ДР, belsat.eu паводле euroradio.fm

Стужка навінаў