МУС Расеі папярэдзіла пра ўстаноўку памежных пастоў на расейска-беларускай мяжы


Вясной 2018 года на беларуска-расейскай мяжы могуць быць устаноўлены часовыя памежныя пасты, папярэдзіў першы намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Гаравы, паведамляе rbc.ru.

«Мы дастаткова жорстка будзем працаваць з мая месяца», – заявіў Гаравы ў ходзе паседжання Савета Федэрацыі.

Магчымасць з’яўлення пастоў ён патлумачыў заклапочаннасцю расейскіх уладаў з нагоды адкрытасці мяжы, ва ўмовах, калі ўлады Беларусі дазволілі грамадзянам 80 краін свету прыязджаць у сваю краіну без візы.

«Калі мы не ўніфікуем міграцыйнае заканадаўства і не пяройдзем на адзіную міграцыйную карту да сакавіка, урадам РФ папярэдне прапрацавана пытанне аб увядзенні часовых пагранічных пастоў як на аўтатрасе, так і на чыгунцы без прыпынку пасажырскіх цягнікоў», – сказаў Гаравы.

Першы намеснік кіраўніка МУС падкрэсліў, што яго ведамства турбуе таксама выкарыстанне транзіту праз Беларусь людзьмі, якіх шукаюць расейскія праваахоўныя органы ў сувязі з падазронымі паездкамі ў Сірыю.

«Яны сёння вяртаюцца ў Кіеў, едуць па дарозе, дзе таксама мяжа адкрыта, затым па Смаленскай трасе да нас», – сказаў Гаравы.

У студзені 2017 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам дазволіў грамадзянам 80 краін свету ўязджаць у краіну без віз на тэрмін не больш за пяць сутак. У пачатку лютага Федэральная служба бяспекі аднавіла на мяжы з Беларуссю памежную зону, скасаваную ў 1995 годзе пасля падпісання Дамовы аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Расеяй і Беларуссю.

Пазней ФСБ патлумачыла, што загад аб увядзенні памежнай зоны не накладае абмежаванняў на свабоду перасячэння дзяржаўнай мяжы грамадзянамі Расеі і Беларусі.

Аднак Лукашэнка раскрытыкаваў рашэнне аб увядзенні памежнай зоны, заявіўшы, што яно было прынята расейскімі ўладамі ў парушэнне міждзяржаўных дамоваў.

З 15 траўня рэйсы паміж Расеяй і Беларуссю ў расейскіх аэрапортах пераведзеныя ў міжнародныя сектары. Пасажыры гэтых рэйсаў, якія не зʼяўляюцца грамадзянамі дзвюх краін, павінны праходзіць памежны кантроль, расейцам і беларусам неабходна прадстаўляць пры праходжанні кантролю ў аэрапортах Расеі пасадкавыя талоны.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў