МУС: працоўная міграцыя з Беларусі будзе расці


У МУС Беларусі заяўляюць, што колькасць беларусаў, якія пакідаюць краіну ў пошуках працы, істотна павялічылася.

«Вядома, заўсёды ёсць пэўны адсотак людзей, якія па розных прычынах хочуць пакінуць радзіму. Адзначу, што ў апошнія гады адток працоўнай сілы з нашай краіны за мяжу прыкметна павялічыўся. Збольшага гэта звязана з значным звужэннем рынку працы ў Беларусі і адсутнасцю патрэбы ў пэўнага віду спецыялістах, а таксама з улікам тых прывабных для нашых суайчыннікаў аспектаў мабільнасці, якія прадастаўляюць цяпер многія дзяржавы. Прагназуем, што ў бліжэйшыя пяць гадоў колькасць беларусаў, якія з’язджаюць з краіны будзе расці», – заявіў у інтэрвʼю газеце «На страже» начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Між тым, канкрэтных лічбаў прадстаўнік МУС так і не агучыў.

Бягун таксама паведаміў, што з 2019 года будзе істотна зніжаны кошт шэнгенскай візы для беларусаў.

«Мы закончылі перамовы і кансультацыі з прадстаўнікамі Еўрапейскага Звязу па адпаведным пагадненні аб аблягчэнні візавых фармальнасцяў, яно цалкам узгоднена і гатова да парафіравання і ўнутрыдзяржаўных працэдураў. Засталося яшчэ некалькі нявырашаных пытанняў, прычым некаторыя з іх факусуюцца ў галіне палітычных дэкларацыяў, якія спецыялісты з ЕЗ хочуць закласці ў пагадненне аб палягчэнні візавых фармальнасцяў. Плануем, што апошні раўнд перамоваў адбудзецца ў бліжэйшай будучыні. З улікам прыкметнага пацяплення ў пэўных сектарах узаемнай супрацы спадзяемся, што пасля падпісання адпаведных дакументаў ужо ў 2019 годзе нашы грамадзяне змогуць плаціць за візы істотна менш», – адзначыў ён.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў