МУС набывае новыя аўтазакі, мікрааўтобусы «сіняга колеру» і 28 матацыклаў


У сакавіку Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла конкурсы на закупку новых аўтазакаў, мікрааўтобусаў, легкавікоў. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце дзяржаўных закупак icetrade.by.

Цягам сакавіка Дэпартамент фінансаў і тылу МУС размясціў чатыры заяўкі на закупку новага транспарту. 13 сакавіка Галоўнае ўпраўленне камандуючага ўнутранымі войскамі апублікавала запыт на сем тыпаў аўтамабіляў. У гэтым спісе 11 легкавых аператыўных аўтамабіляў («Geely Emgrand» 7 ці аналаг), два мікрааўтобусы на 18 месцаў (сіняга колеру), чатыры МАЗы серыі 531605 для перавозкі асабістага складу, 5 патрульных УАЗаў, 5 аўтазакаў ГАЗ-2705, адзін грузавы МАЗ і адзін аўтамабіль для сапёрна-піратэхнічнай групы.

24 сакавіка размешчаная заяўка на 28 матацыклаў. Патрабаванне да транспартнага сродку – 4-тактавы рухавік аб’ёмам не менш за 790 см³. Колер мусіць быць белым ці серабрыстым.

27 сакавіка МУС размясціў заяўку на спецаўтамабіль з пастаянным поўным прывадам.

У заяўцы ад 28 сакавіка – замова на 10 легкавікоў. У дакументах удакладняецца, што згодна з Указам прэзідэнта «Аб упарадкаванні набыцця службовых легкавых аўтамабіляў», кошт аўто не павінен перавышаць суму эквівалентную € 25 000 з улікам мытных і іншых плацяжоў.

Крыніца фінансавання ўсіх закупак – дзяржаўны бюджэт. Аднак аб’ём бюджэту для кожнага лоту ў заяўках не пазначаны.

З 2012 года icetrade.by – афіцыйны сайт для дзяржаўных закупак. Асноўная задача рэсурсу, як пра гэта напісана на сайце, – забеспячэнне інфармацыйнай адкрытасці і празрыстасці закупак.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў