МУС і ААЦ не лічаць блакаванне сайтаў «грамадска небяспечным»


Упраўленне «К» пры міністэрстве ўнутраных справаў і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце адказалі на зварот ГА «БАЖ» наконт блакавання інтэрнэт-сайтаў.

«Паведамляем, што ААЦ захадаў па абмежаванні доступу ла ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася», – напісана ў лісце намесніка кіраўніка Цэнтра Уладзіміра Рабаволава. – «Разам з тым аператарамі (упаўнаважанымі за пропуск міжсецевага трафіку – заўв. Belsat.eu) 19 снежня 2014 года зафіксаваная масіраваная атака на сетку перадачы дадзеных. Паводле атрыманай інфармацыі, зробленыя захады абароны не паўплывалі на даступнасць указаных у звароце інтэрнэт-сайтаў».

Ва ўпраўленні «К» паведамілі, што дзяржаўны аператар электрасувязі «Белтэлекам» не вызначыў якіх-небудзь абмежаванняў на даступнасць інтэрнэт-рэсурсаў.

19 снежня ў Беларусі быў заблакаваны цэлы шэраг сайтаў. Сярод іх belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org. 22 снежня ГА «БАЖ» накіравала афіцыйныя лісты ў Генеральную пракуратуру РБ, а таксама ва Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне «К») і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце. Арганізацыя заклікала пералічаныя ведамствы правесці праверку блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства і прыцягнуць іх да адказнасці.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары