МУС хоча ўвесці адказнасць за грумінг і захаванне дзіцячай парнаграфіі


За апошнія шэсць год колькасць злачынстваў сексуальнага характару вырасла ў Беларусі ў 16 разоў, паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў. Пры гэтым колькасць пацярпелых дзяцей вырасла амаль у 4 разы.

МУС лічыць, што з’явілася неабходнасць увесці новыя артыкулы Крымінальнага Кодэкса, якія будуць караць за супрацьпраўныя дзеянні супраць непаўналетніх.

«Па выніках пяці месяцаў 2018 года праблема працягвае захоўваць сваю актуальнасць. Колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад злачынных дзеянняў педафілаў, вырасла ў параўнанні з мінулым годам у 1,5 разы, а падазраваных – у 1,7 разы. Колькасць выяўленых злачынстваў вырасла ў 1,4 разы», – гаворыцца ў паведамленні на сайце МУС РБ/

Лічбы былі агучаныя на калегіі Міністэрства ўнутраных спраў, якая была перш за ўсё прысвечаная прафілактыцы, выяўленню і папярэджанню злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і свабоды дзяцей і падлеткаў.

Значная частка такіх злачынстваў здзейсняцца бацькамі, апекунамі, настаўнікамі і медычнымі працаўнікамі, якія працуюць з дзецьмі. «Латэнтнасць зʼявы дазваляе педафілам заставацца па-за полем зроку праваахоўных органаў», – адзначае МУС.

На калегіі было вырашана, што трэба ўвесці крымінальную адказнасць за грумінг – то бок псіхалагічную апрацоўванне і схіленне дзяцей да сексуальных адносінаў, а таксама за захоўванне дзіцячай парнаграфіі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў