МУС: Ганчароў у нас ішоў пад нумарам адзін у спісе на затрыманне


Праваахоўнікі распавялі падрабязнасці аперацыі па затрыманні «тэрор-машыны».

Газета адміністрацыі прэзідэнта «Савецкая Беларусь» прысвяціла артыкул 20-гадоваму віцябляніну Станіславу Ганчарову – байцу батальёну «Азоў», які быў затрыманы ў Віцебску.

Паводле праваахоўнікаў, Ганчароў ішоў пад нумарам адзін у спісе тых баевікоў, якія падлягаюць затрыманню ў выпадку вяртання ў Беларусь.

«Міжнародная сістэма абвесткі аб зʼяўленні такіх асобаў на мяжы спрацавала выразна, у тым ліку пры садзейнічанні ўкраінскага боку. Перасоўванне падобных мярзотнікаў знаходзіцца пад кантролем праваахоўнікаў. Ніводнай нармальнай краіне невыгодна, каб адмарожаныя баевікі знаходзіліся на волі, неслі пагрозу, прыязджаючы дадому са зброяй, скалечанай псіхікай ды са злачыннымі намерамі», – заявілі ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК).

«Тэрор-Машыну» затрымалі за хуліганства, здзейсненае ў 2013 годзе

Цяпер ва ўпраўленні кажуць, што будуць дамагацца ўжывання супраць падследнага арт. 130 УК, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці.

Таксама затрыманаму інкрымінуюць напад на няпоўнагадовых, здзейснены 13 кастрычніка 2013 годзе. Тады ў якасці лідара каляфутбольнай групоўкі неанацысцкай накіраванасці Станіслаў Ганчароў прыехаў у Воршу, дзе напаў на двух 13-гадовых хлопцаў, піша «Савецкая Беларусь». Ганчароў прымусіў няпоўнагадовых прылюдна адрачыся ад руху «антыфа», а таксама зрабіць нацысцкае вітанне. Усё гэта запісвалася на відэа.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў