МУС: 89 % беларусаў ад 18 да 50 гадоў мелі адміністрацыйныя пакаранні


Прааналізаваўшы на пэўным этапе адміністрацыйную практыку, у МУС прыйшлі да высновы, што практычна 89 % беларусаў ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Менавіта гэта паслужыла прычынай таго, што МУС ініцыявала грамадскае абмеркаванне адміністрацыйнага заканадаўства ў бок лібералізацыі адказнасці за нязначныя правапарушэнні, пра гэта ў праграме «Контуры» тэлеканалу АНТ заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка.

«У цяперашні час міліцыянт абавязаны фіксаваць правапарушэнне і пачынаць адміністрацыйны працэс – складаць пэўную колькасць дакументаў дзеля фіксацыі правапарушэння, і даводзіць працэс да лагічнага канца. У выпадку лібералізацыі мы можам вынесці папярэджанне без складання працэсуальных дакументаў», – растлумачыў намеснік міністра.

У міліцыі лічаць, што такім чынам будзе створана пэўнае ўзаемаразуменне паміж працаўнікамі ведамства і грамадзянамі, напрыклад – паміж ДАІ і кіроўцам, які ўчыніў нязначнае правапарушэнне. «І працаўнік ДАІ, калі бачыць адэкватнасць кіроўцы, будзе мець права прыняць «людское» рашэнне», – адзначыў Мельчанка.

Намеснік кіраўніка МУС таксама падкрэсліў, што вуснае папярэджанне будзе фіксавацца, парушальніку будуць выдаваць пэўны дакумент. «Калі мы гэтак рабіць не будзем, то гэта пацягне пэўную беспакаранасць», – канстатаваў ён.

Намеснік міністра таксама адзначыў, што калі папярэджанне будзе вынесенае не адзін раз, то будуць прымацца «адэкватныя меры».

Пры гэтым Мікалай Мельчанка падкрэсліў, што пытанне не стаіць аб змякчэнні адміністрацыйнага заканадаўства. Пытанне ў лібералізацыі па пэўных артыкулах КаАП – пакуль гаворка ідзе пра дзевяці палажэннях.

«Але сам па сабе беларускі грамадзянін – законапаслухмяны ў асноўнай сваёй масе», – таксама адзначыў Мельчанка.

Паводле яго слоў, вынікі апытання грамадскай думкі дзеля лібералізацыі Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў будуць падведзеныя ў сакавіку, а змены ў заканадаўства, магчыма, будуць унесеныя ўжо сёлета.

МУС ініцыявала грамадскае абмеркаванне адміністрацыйнага заканадаўства ў бок лібералізацыі адказнасці за нязначныя правапарушэнні.

Сярод прапаноў МУС Беларусі – права супрацоўніка міліцыі выносіць папярэджанне, без складання пратаколу або дастаўлення ў пастарунак: за распіванне піва ў грамадскім месцы; за кіраванне транспартным сродкам без пасведчання кіроўцы, за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, за курэнне ў забароненых месцах, за пераход праезнай часткі дарогі ў неўстаноўленым месцы або знаходжанне на ёй без флікера ў цёмны час. Сярод іншых ініцыятыў МУС – выключэнне адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне хуткасці руху ад 10 да 20 км/г і гэтак далей.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў