Мурманскія кантрактнікі паскардзіліся, што іх змушаюць ехаць ва Украіну


Чалец прэзідэнцкага Савету па правах чалавека (СПЧ) у Расеі Сяргей Крывенка накіраваў у міністэрства абароны РФ запыт з патрабаваннем праверыць інфармацыю аб тым, што вайскоўцаў, якія праходзяць службу па кантракце ў адной з частак Мурманскай вобласці, папярэдзілі аб магчымым выкананні баявых задачаў на тэрыторыі Украіны.

Запыт быў адпраўлены ў панядзелак, 9 лютага, распавёў Крывенка расейскаму незалежнаму тэлеканалу «Дождь».

Са скаргамі звярнуліся каля 20 кантрактнікаў. Для сустрэчы з імі Крывенка прыязджаў у Мурманскую вобласцю. Яны заявілі, што нядаўна іх перавялі на палігон, які размешчаны прыкладна ў сотні кіламетраў ад іх часткі, для праходжання баявога наладжвання.

«Іх сталі рыхтаваць па іншых вайскова-ўліковых спецыяльнасцях – звычайнымі стралкамі і гэтак далей, – паведаміў Крывенка. – І потым выступае перад імі камандзір іх часткі і кажа, што яны адпраўляюцца ў камандзіроўку ў Растоўскую вобласць, дзе, магчыма, будуць пераходзіць мяжу для выканання баявых загадаў».

На пытанне аб падставах для камандзіроўкі палкоўнік «уцямна» адказаць не змог. Замест гэтага афіцэр «пачаў казаць пра патрыятычныя рэчы – што там ідзе вайна, што трэба дапамагаць, трэба абараняць расейскіх людзей, якія гінуць пад бомбамі ўкраінцаў», распавёў праваабаронца. За адмову ад паездкі камандзір прыгразіў звальненнем.

Кантрактнікі заявілі, што адмаўляюцца ехаць пад Растоў у адсутнасць пісьмовага загаду і напішуць адпаведныя рапарты. Пры гэтым праваабаронцу вайскоўцы паведамілі, што хочуць працягваць службу.

Вайскоўцы ў скаргах таксама паказалі, што на палігон іх везлі ў пакрытых брызентам кузавах «КамАЗаў» без ацяплення пры тэмпературы мінус 10-15 градусаў, а на палігоне, па іх словах, ёсць праблемы з харчаваннем.

Па дадзеных Крывенкі, у Мурманскую вобласць для разбору адправілася камісія Міністэрства абароны. Аператыўны каментар у ведамстве атрымаць не ўдалося.

Аб скаргах жаўнераў, якія служаць пад Мурманскам, на прымус да падпісання кантрактаў для наступнай адпраўкі ва Украіну раней заяўлялі праваабаронцы з арганізацыі «Салдацкія маці Санкт-Пецярбургу».

Паводле звестак Міністэрства абароны Украіны, цяпер ва Украіне знаходзяцца каля 10 тыс. расейскіх жаўнераў, падае liga.net. Расея неаднаразова абвяргала заявы Украіны і краін Захаду аб удзеле расейскіх вайскоўцаў ва ўзброеным канфлікце ва Украіне.

МЯ, паводле tvrain.ru, liga.net

Стужка навінаў