Мурада Амрыева экстрадуюць у Расею цягам содняў


Раней паведамлялася, што з Добруша яго этапуюць у Гомель. Гэтую інфармацыю зняпраўдзілі ў МУС.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Дзяржаўнага пагранкамітэту Беларусі Антона Бычкоўскага, спартоўца затрымалі 7 чэрвеня ў пункце пропуску «Весялоўка» на беларуска-украінскай мяжы.

Амрыеў знаходзіцца ў базе вышуку краінаў СНД па падазрэнні ў выкарыстанні заведама падробленага дакументу. Ён ехаў у аўтамабілі «Таёта» з расейскімі нумарамі.

Цяпер афармляюць дакументы для яго прымусовай перадачы ў Расею, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Юрый Пількевіч. Амрыева на нулявым кіламетры перададуць супрацоўнікам паліцыі Бранскай вобласці, найпазней да раніцы 9 чэрвеня.

У Расеі Амрыева абвінавачваюць у падробцы пашпарту. Ягоны адвакат распавёў, што ў пашпарце спартоўца ўпісаны няправільны год нараджэння. Памылку зрабілі працаўнікі пашпартнага стала, таму ён да яе не датычны.

6 чэрвеня Мурад Амрыеў уцёк праз вакно з будынку пракуратуры ў Бранску, які блакаваў чачэнскі спецназ. Мужчына заскочыў у аўтамабіль сваіх знаёмых і з’ехаў.

У 2013 годзе Амрыеў распавёў праваабаронцам пра катаванні ў чачэнскай паліцыі. Адзін з высокапастаўленых сілавікоў патрабаваў, каб старэйшы брат Амрыева вярнуўся ў Чачэнію з Нямеччыны, – яго падазравалі ў замаху на гэтага паліцэйскага.

Амрыеву пагражалі, што ў выпадку невяртання брата, абвінавачанне ў замаху выставяць яму. Байца ММА двое содняў трымалі ў пастарунку, а калі адпусцілі, ён з’ехаў з Расеі ўва Украіну, дзе працягнуў спартовую карʼеру і нават стаў чэмпіёнам свету.

ДР belsat.eu паводле tut.by, snob.ru

 

Стужка навінаў