Мугабэ пагадзіўся сысці ў адстаўку

video

Прэзідэнт Зімбабвэ прыняў умовы адстаўкі пасля таго, як вайскоўцы з арганізацыі ветэранаў барацьбы за незалежнасць зрабілі яму шэраг саступак.

Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на свае крыніцы, знаёмыя з ходам перамоваў.

У прыватнасці, Мугабэ атрымае поўны імунітэт для сябе і сваёй жонкі Грэйс, а таксама захавае ўсю сваю маёмасць.

Між тым агенцтва Reuters паведамляе, што прадстаўнікі кіроўнай партыі ўсё ж збяруцца 20 лістапада для абмеркавання пытання аб імпічменце прэзідэнту. Тэрмін прад’яўленага Мугабэ ўльтыматуму ўжо мінуў.

Напярэдадні кіруючая партыя краіны ЗАНУ-ПФ адхіліла Мугабэ ад кіраўніцтва і запатрабавала да панядзелка 20 лістапада пакінуць пасаду. Ягоную жонку Грэйс Мугабэ знялі з усіх партыйных пасадаў (яна збегла з краіны), а самога 93-гадовага прэзідэнта ўзялі пад хатні арышт. 19 лістапада ён звярнуўся да народу праз тэлебачанне, аднак пра адстаўку не абвясціў.

Робэрт Мугабэ кіраваў Зімбабвэ з часу абвяшчэння незалежнасці ў 1980 годзе. За час свайго кіравання Мугабэ абрынуў эканоміку краіны ў глыбокі крызіс. Толькі за адзін 2009-ты год інфляцыя ў краіне склала 231 000 000 %, а два гады таму краіна была вымушаная наагул адмовіцца ад уласнае валюты. Яго неаднойчы вінавацілі ў фальсіфікацыі выбараў і палітычных рэпрэсіях.

Чытайце таксама:

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары