Мугабэ атрымаў ад дзяржавы пажыццёвы заробак


Апроч пенсіі, былы кіраўнік Зімбабвэ атрымае шматмільённыя «адстаўныя», а дзяржава будзе да канца жыцця аплочваць ягоных дактароў, прыслугу і нават падарожжы.

93-гадовы Роберт Мугабэ пасля адстаўкі і да смерці будзе атрымліваць штогод $ 150 тысячаў, ягоная жонка Грэйс – палову гэтай сумы.

Таксама ён атрымае адзінаразовае матэрыяльнае ўзнагароджанне. Колькі менавіта – невядома, але адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў кіроўнай партыі паведаміў журналістам The Guardian, што сума будзе «не менш, чымся $ 10 млн». Першыя пяць мільёнаў ён атрымае адразу, рэшту выплацяць у бліжэйшыя месяцы.

Чыноўнік распавёў, што Мугабэ атрымаў таксама імунітэт ад судовага пераследу і гарантыі неўмяшання ў бізнес ягонай сям’і.

Мугабэ з былой першай лэдзі захаваюць сваю сядзібу «Блакітны дах» у Харарэ. Іхныя выдаткі на медыцыну, ахову, прыслугу і падарожжы будзе аплочваць дзяржава.

Падаюць, што здзелку заключылі на перамовах паміж прадстаўнікамі Мугабэ і блізкімі да былога першага віцэ-прэзідэнта Эммерсана Мнангагвэ (Emmerson Mnangagwa) палітыкамі. Апазіцыя лічыць пагадненне антыканстытуцыйным.

Роберт Мугабэ быў прэзідэнтам Зімбабвэ з 1987 года. На пачатку лістапада вайскоўцы адхілілі яго ад пасады і змясцілі пад хатні арышт. 21 лістапада ён адмовіўся ад улады.

У пятніцу, 24 лістапада прынёс прысягу і ўступіў на пасаду прэзідэнта краіны Эммерсан Мнангагва. Ён абяцае служыць «усім зімбабвійцам».

ДД

Стужка навінаў