Можна спаць спакойна? «Цяпер няма аб’ектыўных прычынаў для падзення рубля», – аналітык


Вядучы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб мяркуе, што новая каманда Нацбанку праводзіць «адносна ўзважаную палітыку», а прычынаў для непакою ў сувязі з дэнамінацыяй, няма. Гэтыя ды іншыя высновы фінансавага аналітыка – у інтэрвю belsat.eu.

Ці варта баяцца росту коштаў у сувязі з дэнамінацыяй?

– Людзі баяцца, што «пад шумок» дэнамінацыі падвысяць кошты, акругляць ім не на карысць ці яшчэ як-небудзь абдураць…

– Ёсць два моманты, якія крыху супакойваюць. Цяпер мінімальная купюра – 100 рублёў. Пасля дэнамінацыі 100 рублёў будуць 1 капейкаю.

Гэта значыць, улічваючы тое, што сёння ўсе цэннікі акругленыя да 100 рублёў, іх можна будзе перапісаць з дакладнасцю да капейкі, не выкарыстоўваючы механізму акруглення наагул.

Іншы момант – можна разгледзець жаданне вытворцаў і прадаўцоў «пад шумок» падняць цэннікі, але даходы насельніцтва змяншаюцца, і жаданне прадаць што-небудзь не суадносіцца з плацежаздольнасцю насельніцтва, якая падае. Ужо цяпер ёсць праблемы з рэалізацыяй тавараў і паслуг. І хто падыме кошты – сутыкнецца з памяншэннем продажаў.

– У 2014 годзе Вы казалі, што дэнамінацыя – дарагая працэдура для дзяржавы. Ці мы можам прыкладна прыкінуць яе кошт?

– Прыкідкі гэтыя рабіць няма сэнсу. Зразумела, што друк новых купюраў, а, тым больш, чаканка манет – затратныя мерапрыемствы. Але гэтыя грошы надрукаваныя ў 2008 годзе. Гэтыя выдаткі ўжо адбыліся. Вядома, яшчэ будзе нешта каштаваць змяненне праграмнага забеспячэння бухгалтараў і з перадрук цэннікаў, але ў маштабах эканомікі краіны гэтыя выдаткі ўжо і не такія істотныя.

– Навошта патрэбная купюра з велізарным наміналам у 500 рублёў?

– Купюры былі надрукаваныя ў 2008 годзе – ужо тады напэўна планавалі дэнамінацыю 1 да 1000, а не 1 да 10000. На той момант гэтая купюра была ў 10 разоў меншая, чым цяпер.

Улічваючы тое, што з 2008 года і інфляцыя была адчувальнаю, і дэвальвацыя – гэткія захады апраўданыя. Але кошты і курс долара з 2008 года павялічыліся не ў 10 разоў, і атрымліваецца, што сёння пяцісоценная банкнота будзе больш вартаснай, чым гэта бачылася ў 2008 годзе, каб тады правялі дэнамінацыю 1 да 1000.

Інфляцыя пад кантролем?

– Наагул, гэтая дэнамінацыя, новая палітыка, якую абвесціў Нацбанк – ці ўсё гэта доказы таго, што сурёзна бяруцца за інфляцыю?

– За інфляцыю ўзяліся ўжо даўно. Даволі жорсткая крэдытная палітыка, што праводзіцца з пачатку года і ёсць барацьба з інфляцыяй. Сама па сабе дэнамінацыя – не рэформа, а тэхнічны захад, які праводзяць пасля таго, як інфляцыю возьмуць пад кантроль. Што да ўказа па дэпазітах: рашэнне дастаткова нечаканае. З аднаго боку, матывы ўладаў зразумелыя – яны хочуць забяспечыць фінансавую сістэму больш даўгімі і прадказальнымі пасівамі. Адпаведна, прымаецца шэраг захадаў, каб заахвоціць насельніцтва трымаць грошы на доўгіх дэпазітах без магчымасці зняць іх датэрмінова. З другога боку, гэткія дзеянні могуць прастымуляваць укладчыкаў і да другіх дзеянняў – зняць рублёвыя дэпазіты, купіць валюту і пакласці яе пад падушку. І толькі час пакажа, як на гэтыя заявы адрэагуюць укладчыкі. Але ёсць рызыка, што вынік можа быць нечаканым і адрознівацца ад таго, што задуманы.

– Наколькі абгрунтаваныя надзеі ўрада на тое, што інфляцыя будзе зніжацца?

– Гэта будзе залежыць ад грашова-крэдытнай палітыкі.

З аднаго боку, гэткая жорсткая палітыка дазваляе скараціць інфляцыю, а з другога – яна прыводзіць да высокіх ставак па крэдытах, да скаргаў прадстаўнікоў рэальнага сектара на гэта. І тут пытанне – чыя пазіцыя пераможа?

Але літаральна на мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы казаў, што зніжэнне інфляцыі – безумоўны прыярытэт.

«Новая каманда Нацбанку праводзіць узважаную палітыку»

– Яшчэ паўгода таму розныя эксперты запалохвалі людзей: «пасля выбараў абваліцца курс, рэзка знізяцца даходы і ўзляцяць кошты». Чаму нічога гэтага не адбылося?

– На жаль, сярод экспертаў ёсць шэраг прафесійных алармістаў (панікёраў – заўв.рэд.), якія, пачынаючы з восені 2011 года, абяцаюць курс долара ў 25 тысячаў. Курс валют цалкам залежыць ад грашова-крэдытнай палітыкі, што праводзяць улады: калі масава друкуюць грошы на штучны рост заробкаў і танныя крэдыты – курс будзе расці. Новая каманда Нацбанку з пачатку года праводзіць узважаную палітыку – ніякага штучнага падвышэння заробкаў пад выбары не было, больш за тое, яны нават паніжаюцца. Цягам жа некалькіх папярэдніх выбарных кампаніяў назіралася перадвыбарнае павелічэнне заробкаў. Цяпер ніякіх аб’ектыўных прычынаў для таго, каб рубель абваліўся, няма.

– Ці заўважаць змены ў сваіх даходах працаўнікі прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх прыпынілі санкцыі?

– Сітуацыю на кожным прадпрыемстве варта вывучаць асобна. Чыста тэарэтычна, калі гэтыя прадпрыемствы ў стане істотна павялічыць выручку і прыбытак, то патэнцыйна гэта дае магчымасць павялічыць даходы. З іншага боку, дзейсныя санкцыі не былі настолькі актуальнымі: па-першае, знаходзіліся спосабы іх абыходзіць, а па-другое (калі казаць пра амерыканскія санкцыі супраць прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны), па-ранейшаму патрэбная згода амерыканскіх уладаў на кожную здзелку, вышэйшую за 10 тысяч долараў. Таму, зняцце санкцыяў вельмі ўмоўнае – наўрад ці кардынальна зменіцца эканоміка гэтых прадпрыемстваў.

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў