Мовазнавец заклікае беларускамоўных людзей калектыўна купляць тавары, аформленыя па-беларуску


Фота belsat.eu

Віталь Станішэўскі прапанаваў падтрымаць беларускую мову калектыўнымі набыткамі, падобнымі да флэш-мобу.

«Найлепшы стымул ужывання беларускай мовы вытворцамі і прадаўцамі – бачнае павелічэнне прыбыткаў. Дык можна дапамагчы ім гэта ўбачыць», – мяркуе спадар Станішэўскі.

Паводле яго, прыязным да беларускай мовы людзям варта гуртавацца дзеля калектыўных набыткаў, аддаючы перавагу таварам, аформленым на беларускай мове. Папярэдне ўдзельнікі маглі б дамаўляцца пра час ды месца набыткаў праз сацыяльныя сеткі. Спатыкацца можна было б раз на два тыдні, да прыкладу, кожную другую і чацвёртую нядзелі.

Задума скіраваная на дасягненне дзвюх важных мэтаў: усталяванне беларускамоўнай супольнасці як эканамічнай сілы ды сацыялізацыя беларускамоўных, наладжванне кантактаў між імі.

«Але можна пачаць з шырокіх плошчаў. Прапаную паказаць сябе, прадэманстраваць сваю лаяльнасць гандлёвым сеткам, якія ў сваім афармленні і рэкламных матэрыялах выкарыстоўваюць беларускую мову. А заадно сустрэцца з такімі ж беларускамоўнымі падчас куплі. Папаўняем запасы або проста завітваем па шакаладку. Дамаўляемся з сябрамі, прыходзім кампаніямі. Размаўляем з касірамі па-беларуску, прывучаем да беларускай лексікі. Калі што – паказваем пальцам, так працэс навучання і адбываецца. Актыўнейшыя беларускамоўныя, бярыце ў кампанію сарамлівых, падцягвайце іх, каб прызвычайваліся гаварыць па-беларуску публічна», – піша спадар Станішэўскі.

Мовазнавец прапаноўвае назваць такія закупы «Базарны дзень» альбо «Торг у месце». Паводле яго, гэткую акцыю можна было б ладзіць у Беларусі ў крамах сеткі «Mart Inn», бо яны зрабілі крок да беларускай мовы ў афармленні. На думку Віталя Станішэўскага, набыткі гуртам ды па-беларуску можна рабіць і ў Беластоку, дзе ў супермаркетах «Real» выкарыстоўваецца беларуская мова.

«У даўніну рынак (або яшчэ «места») служыў не толькі гандлёва-бытавым мэтам, але і сацыялізацыі. Цікава, што места як рынак звязана з местам як горадам. З рынку развіваўся і горад. Дык давайце ажывім дух беларускага места. Давайце абмяркуем прыдатныя дні правядзення і выберам адну краму для кожнага гораду, калі іх некалькі», – заклікае аўтар беларускую грамаду.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары