Моцны ўраган у Горадні паваліў дзясяткі дрэваў ды затушыў «вечны агонь»


Горад трапіў у зону фармавання тарнада.

Вецер і шквальны дождж «наламалі дроў» у цэнтры Горадні ды ў ваколіцах. Паваленыя дрэвы перакрылі некалькі вуліцаў – Будзёнага, Парыжскай Камуны, Акадэмічную ды іншыя. Шмат аўтаў аказаліся «накрытыя» старымі акацыямі ды дубамі. У цэнтры гораду скрозь паваленыя платы, пагнутыя дарожныя знакі, вырваныя з каранямі дрэвы.

У парку Жылібера непагадзь затушыла вечны агонь. Моцны пах газу адчуваўся ў выніку на дзясятак метраў ад манументу. На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі газавых службаў.

Сімвалічна, што яшчэ зранку каля помніка адбываўся ўрачысты мітынг з ускладаннем кветак ды агіт-бусам з Менску.

Яшчэ адным сімвалічным пашкоджаннем аказаўся надламаны крыж і шпіль на Бернардынскім касцёле – помніку архітэктуры XVII ст. Адразу пасля ўрагану на касцельнай званіцы білі званы – як у час вайны ці бедства.

Паваленыя дрэвы таксама перакрылі трасу ў бок Літвы ў раёне в. Азёры.

Агулам ураган бушаваў у цэнтры гораду цягам 15-20 хвілінаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў