«Мотавела»: ратаваць нельга збанкруціць


Ровары «Аист», якія шмат хто з гледачоў памятае з дзяцінства, ды матацыклы «Мінск» – усе яны ствараюцца тут. На ўсё тым жа абсталяванні, што і дзясяткі год таму. Летась ратаваць прадпрыемства накіравалі знятага з пасады кіраўніка сталічнай вертыкалі Мікалая Ладуцьку. Стыль працы чыноўніка годам раней гэтак апісваў кіраўнік Беларусі

«Замест працы каніцель і валакіта, такое стаўленне да працы проста нельга цярпець», – абураецца Мікалай Ладуцька.

Аднак пасля арышту папярэдняга ўладальніка заводу Аляксандра Мураўёва, кіраваць Мотавела Лукашэнка накіраваў менавіта Ладуцьку. Праз год, праведзены на новай пасадзе, чыноўнік вынес свой рэцэпт па выхаду з цяжкай сітуацыі. У інтэрвʼю выданню «Минск-новости» Ладуцька заявіў, што гэта працэдура банкруцтва «Мотавела». Ці дапаможа такі крок?

«Банкруцтва наагул – гэта не фізічная смерць. Гэта – змена ўласніка. А як яго змяніць, калі ўжо двойчы прадпрыемства было прыватызавана і двойчы яго нацыяналізавалі. Таму застаецца вялікі знак пытання – што будзе далей, як з «Мотавела», гэтак і з усёй беларускай прамысловасцю», – мяркуе Аляксандр Ярашук, старшыня кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Ладуцька ж тлумачыць, што банкруцтва акурат дапамагло б разабрацца з бюракратычнымі праблемамі. Кампанія папярэдняга дырэктара – АТЕС – дагэтуль дэ-юрэ застаецца ўладальнікам прадпрыемства. Аднак праз вялізарныя запазычанасці, ня можа працягваць вытворчасць. Таму на базе прадпрыемства зарэгістравалі таварыства «Мотавелазавод», якое толькі арандуе састарэлыя вытворчыя лініі мотавела. Чаму ж ніяк не выбрацца з даўгавой яміны? Няўжо айчынныя ровары горшыя і цікаўнасці няма?

«У прынцыпе, «Мотавела» мае свайго пакупніка, мае свой рынак продажу, гэта можа быць цікава, адзінае ў чым нашая праблема на сённяшні дзень – што мы ня ўмеем дзесьці да канца добра прадаваць і ня можам данесці, што нашая прадукцыя таксама добрая», – упэўнены Яўген Сялюк, аддзел нерухомасці «Мотавелазаводу».

І сапраўды, наведнікі ў завадской краме ёсць і нараканняў на якасць айчынных ровараў мы не пачулі.

«Гэта добрыя ровары, толькі трошкі б цана была б меншая, бо не адпавядае цана нашым заробкам», – зазначае наведнік крамы.

«Ровары карыстаюцца попытам. Яны патрэбныя прынамсі ў той жа вёсцы, хоць яны трошкі і дарагаватыя, але ж купляюць», – распавядае пакупнік завадской крамы.

«Так, цалкам можна ўдзельнічаць на міжнародных спаборніцтвах. Добра сябе паказвае », – кажа трыатланіст Мікіта Кацянёў.

Апрача імавернага банкруцтва, ды састарэлага абсталявання, праблемы на прадпрыемстве тыя ж, што і на рэшце беларускіх прадпрыемствах. Няпоўны працоўны тыдзень, ды заробкі па Br 5 мільёнаў.

«80 % прамысловых прадпрыемстваў у нашай краіне знаходзяцца ў такім жа стане. Там фізічнае старэнне, як і на мотавела, складае ўсе 100 %. Там і дахі дзіравыя і хадзіць даводзіцца невядома па чым», – кажа Аляксандр Ярашук.

І калі банкруцтва прынамсі ў тэорыі вырашыць пытанне ўласніка абсталявання, то які інвестар укладзе грошы ў прадпрыемства, уладальніка якога могуць лёгка замяніць на чарговага высокага чыноўніка?

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота – TUT.BY

Стужка навінаў